Аляксандр
«Такое пачуццё, быццам я проста ўцёк, а мог бы далей працягваць змагацца, нягледзячы ні на што»
Аляксандр
«Такое пачуццё, быццам я проста ўцёк, а мог бы далей працягваць змагацца, нягледзячы ні на што»
Аляксандр – малады праграміст з Горадні – вучыўся на інжынера-энергетыка, да гэтага лета палітыкаю не цікавіўся. Зрабіўся актывістам напярэдадні выбараў, пасля актыўна браў удзел у пратэставых акцыях. Колькі б ён ні зрабіў, заўсёды адчуваў, што гэтага недастаткова. У кастрычніку Аляксандра выклікалі на допыт у міліцыю як сведку і паказалі відэа счэпкі, у якой ён браў удзел. На параду адваката маладзён амаль адразу з'ехаў ва Украіну як палітычны ўцякач, з таго часу жыве ў Кіеве.Не зважаючы ні на якія лагічныя аргументы, ён дасюль пачуваецца тым, хто ўцёк, і вінаваціць сябе за гэта.
Вельмі забаўна цяпер згадваць, але я наагул ніколі не быў палітычна актыўным. Заўсёды да гэтага ставіўся так: навошта мне тут усё мяняць, калі я магу проста пераехаць у лепшую краіну, дзе ёсць чалавечыя ўмовы, чалавечае стаўленне?
Гісторыя майго ўлучэння ў гэта ўсё насамрэч не характэрная. Гэтым летам брат з жонкай зʼехалі ў адпачынак, а ў іх – два каты, папрасілі мяне дагледзець іх. Я застаўся на тыдзень, глядзеў YouTube з іхнага хатняга акаўнту, а там у рэкамендацыях было шмат пра палітыку. Стаў палітызавацца: глядзеў некаторыя відэа – і злосці не хапала! Нарэшце я нават не ўбачыў, а ўсвядоміў гэтую жахлівую сітуацыю з выбарамі: кандыдатаў не дапускаюць, іх ужо пачалі саджаць. Ува мне нешта пстрыкнула, я зразумеў: усё! Я не магу больш заставацца ўбаку, проста больш не ўдасца быць абыякавым. Пачаў чытаць нашмат больш навінаў, яшчэ 15 ліпеня, калі не дапусцілі Бабарыку да выбараў – паводле надуманых артыкулаў пасадзілі. Вось тады я выйшаў першы раз на плошчу – у нас у Горадні быў мітынг. Да гэтага я назіраў за ўсім онлайн, а калі ўбачыў, што плануецца пратэст, адразу напісаў усім сваім сябрам і знаёмым: «Ну што, ідзем сёння?» І амаль усе паставілі плюсы, як бы кажучы, што яны таксама ідуць. Стала вельмі прыемна, зʼявілася адчуванне, што шмат хто ў працэсе. Я тады, вядома, яшчэ малады і зялёны быў, пытаў, што рабіць, калі нас будуць біць дручкамі...

На той момант гэта было больш як прыгода: першы пратэст, назіраць за ўсім, гадаць, што ж будзе. Сурʼёзна з усім гэтым я сутыкнуўся ўжо потым, а пакуль было весела і цікава. Пачуццё яднання і трапяткое чаканне яркага новага досведу.

Пасля панеслася! Да выбараў мы са знаёмымі расклейвалі ўлёткі пра платформу «Голас», проста каб людзі ведалі, што ёсць магчымасць палічыць галасы сумленна. За адзін вечар мы маглі расклеіць больш за 500 гэтых улётак на ўсе падʼезды. Белыя бранзалеты раздавалі. Я раздаў каля 400 бранзалетаў. І было так прыемна: адсоткаў 70 мінакоў ведалі пра гэтыя стужачкі і бралі з задавальненнем, астатнія пыталі, навошта яны. Гэта значыць, не было тых, хто прынцыпова іх не браў.

Праз тое, што ўся гэтая актыўнасць была вечаровая, пасля працы, я вельмі стамляўся. Спачатку гэта была прыемная стомленасць. Гэта той выпадак, калі разумееш: калі ты не будзеш гэтага рабіць, то будзеш адчуваць сябе дрэнна. Будзеш адчуваць, што душыш у сабе жаданне нешта рабіць. Таму я аддаўся такому актывізму цалкам. Так, я вымотваўся, але адчуваў пасля гэтага, што ўсё нездарма, што я раблю нешта важнае нават для сябе самога.

Пасля выбараў, вядома, форма актыўнасці памянялася. Я хадзіў на пратэсты амаль штовечар, працягваў клеіць улёткі, размаўляць з людзьмі.

Пасля панеслася! Да выбараў мы са знаёмымі расклейвалі ўлёткі пра платформу «Голас», проста каб людзі ведалі, што ёсць магчымасць палічыць галасы сумленна. За адзін вечар мы маглі расклеіць больш за 500 гэтых улётак на ўсе падʼезды. Белыя бранзалеты раздавалі. Я раздаў каля 400 бранзалетаў. І было так прыемна: адсоткаў 70 мінакоў ведалі пра гэтыя стужачкі і бралі з задавальненнем, астатнія пыталі, навошта яны. Гэта значыць, не было тых, хто прынцыпова іх не браў.

Праз тое, што ўся гэтая актыўнасць была вечаровая, пасля працы, я вельмі стамляўся. Спачатку гэта была прыемная стомленасць. Гэта той выпадак, калі разумееш: калі ты не будзеш гэтага рабіць, то будзеш адчуваць сябе дрэнна. Будзеш адчуваць, што душыш у сабе жаданне нешта рабіць. Таму я аддаўся такому актывізму цалкам. Так, я вымотваўся, але адчуваў пасля гэтага, што ўсё нездарма, што я раблю нешта важнае нават для сябе самога.

Пасля выбараў, вядома, форма актыўнасці памянялася. Я хадзіў на пратэсты амаль штовечар, працягваў клеіць улёткі, размаўляць з людзьмі.

«Было такое адчуванне, што ёсць пратэставыя дні, калі ўсё адбываецца, а ёсць звычайныя дні, калі ўсё як заўсёды. Мне важна было бачыць, што барацьба трывае, што мы існуем усюды і заўсёды. Я хацеў, каб іншыя людзі таксама бачылі і памяталі».
Было такое адчуванне, што ёсць пратэставыя дні, калі ўсё адбываецца, а ёсць звычайныя дні, калі ўсё як заўсёды. Мне важна было бачыць, што барацьба трывае, што мы існуем усюды і заўсёды. Я хацеў, каб іншыя людзі таксама бачылі і памяталі.
Раз на тыдзень мы выходзілі маляваць графіці ўвесь верасень. Адчувалася, што мы нарэшце дамагаемся пастаўленай мэты: нас заўважалі і ў звычайныя дні. Усюды, дзе мы малявалі, работнікі ЖЭКу разам з сілавікамі а 9:00 ужо стаялі і замалёўвалі. Калі праходзіў паўз, я заўсёды думаў: «Працуйце! Працуйце хоць цэлыя содні. І памятайце пра нас!» Спачатку маляваць начамі, вядома, страшна, але потым проста прызвычайваешся. Тут наагул немагчыма не прывыкнуць да жыцця ў заўсёдным дзікім стрэсе. Калі прыехаў у Кіеў, першыя два тыдні ў мяне настрой скакаў, як шалёны. Я ж прызвычаіўся за апошнія месяцы ў Беларусі, што жыццё поўнае трывогі і насычаных падзеяў, а тут нічога толкам не адбываецца.

Але ўсё ж такі 9 жніўня – пераломны момант. У палітычным сэнсе ўсё перакулілася. Мы ў Горадні з сябрамі ўсе прагаласавалі. Вельмі смяяліся яшчэ з аднаго, які забыўся сфоткаць бюлетэнь, каб адправіць на платформу «Голас». Частка людзей пааставаліся ля выбарчых участкаў – паглядзець вынікі. Мы крыху там пабылі і пайшлі на плошчу. Нам гэта было вельмі важна – выйсці ў гэты дзень на вуліцы, каб улады ўбачылі, што мы не абыякавыя, што нам не ўсё роўна. Прыйшлі мы ранавата, людзей яшчэ было не так шмат, так што проста селі ля дарогі побач з клумбаю пачакаць. Адразу, хвілінаў праз 5, падʼехаў бусік – і палову з нашай кампаніі забралі. Я сядзеў моўчкі, не рухаўся, нават амаль не дыхаў. Я не мог у гэта паверыць: на мне спыніліся проста таму, што месца ў бусе скончылася. Я бачу, як па адным падымаюць маіх сяброў, у мяне ў галаве паніка, але я сабе кажу: «Не варушыся, не варушыся, спакойна». Вядома, было неймаверна страшна, але чым далей – тым больш табе... проста ніяк, быццам адключаецца нешта ўнутры, што адказвае за страх. Нават гэты дзень быў паказальны ў гэтым плане. Людзей з плошчы разагналі – праз нейкі час яны зноў прыходзяць і запаўняюць плошчу, зноў разагналі – зноў прыходзяць. І ты бачыш, калона велізарная ідзе, і ты не бачыш ёй канца. Вось гэта жудасна крута! І так усе месяцы, ты проста перастаеш баяцца – робіш усё на аўтамаце. У той жа вечар я ўстаў у счэпку на дарозе яшчэ з 200 людзьмі, якія прыйшлі на пратэст. Менавіта праз яе мне потым давялося выехаць з краіны.

Уначы 9 жніўня ў мяне былі нейкія вʼетнамскія флэшбэкі: як мы стаім, счэпка, як АМАП пайшоў біць нас. І я, памятаю, прачнуўся, бо дыханне моцна пачасцілася, стан панікі, мне проста блага стала. Сябры казалі, што нешта такое таксама адчувалі.
Уначы 9 жніўня ў мяне былі нейкія вʼетнамскія флэшбэкі: як мы стаім, счэпка, як АМАП пайшоў біць нас. І я, памятаю, прачнуўся, бо дыханне моцна пачасцілася, стан панікі, мне проста блага стала. Сябры казалі, што нешта такое таксама адчувалі.
Я ў гэтым настолькі актыўна браў удзел, што пасля першых двух тыдняў пасля выбараў ад сталай актыўнасці ды нерваў амаль перастаў есці. Мяне ўжо пачынала муціць ад знясілення. І тады я зразумеў, што трэба трохі адпусціць.

Як я наагул апынуўся ва Украіне? Аднойчы прыехалі на працу забіраць мяне з бусамі АМАПу. Чаму? Я не ведаў. Зайшоў у наш офіс мужчына – калегі сказалі, што мяне няма. Ён пайшоў назад у мікрааўтобус, там сядзеў гадзіну, а потым вярнуўся з позвай у Следчы камітэт, што трэба мне зʼявіцца як сведку. Хіба па сведак так прыязджаюць? Я і так ужо тры тыдні жыў у кватэры брата, бо яна здымная, нідзе не пазначанае маё імя. Гэта была захада засцярогі. На ўсялякі выпадак, бо я шмат дзе засвяціўся, у мяне фарбаваныя валасы, я высокі: ці мала што. І вось «ці мала» наступіла. Я сяджу, у мяне онлайн-сход з замоўцамі на працы, а мне адразу некалькі людзей у чаце пішуць: «Саша, бяжы, па цябе прыехалі». Я хацеў удакладніць, што адбываецца, спыніўся падумаць. Намаляваў сабе план у галаве, як непрыкметна ўцячы на задні двор, калі раптам што. Але не давялося: яны пакінулі ў офісе позву і зʼехалі.

У выніку пайшоў па позве: страшна было не зʼявіцца, раптам сурʼёзна тады за мяне ўзяліся б. Пайшоў я адразу з адвакатам. На допыце мне паказалі відэа счэпкі, дзе я стаяў, пыталі, што гэта, ці пазнаю я кагосьці, дзе гэта. Я проста дурня гуляў, як раіў адвакат, казаў, што нічога не ведаю і нікога не пазнаю. Мяне папрасілі даць свой тэлефон – для канфіскацыі, а я схлусіў, што ён разбіўся, не ўзяў. Таму мне яшчэ другі раз трэба было прыйсці – аддаць тэлефон «для вывучэння следствам». Балазе я і праўда меў стары разбіты тэлефон удома, якім ужо доўга не карыстаўся.
Мяне моцна спалохала тое, з якім спакоем мой адвакат даваў парады. Проста з каменным тварам прамаўляе: «Калі вас пачнуць біць, то паспрабуйце паспець набраць мяне, я тады зафіксую факт нападу і паспрабую дабрацца да вас. Калі ж не паспееце – проста крычыце вельмі гучна». Як быццам гэта звычайная рэч! Вось тады праўда жудасна стала.
У выніку нармальна ўсё было. Аддаў свой стары тэлефон, напісаў распіску нейкую і пайшоў дамоў. Патэлефанаваў адвакату, ён мне сказаў, што выглядае так, быццам яны цяпер шукаюць крайніх, каго можна пасадзіць за тыя падзеі ў жніўні. Перабіраюць відэа, выклікаюць на допыты. А той факт, што я быў у счэпцы, а фактычна супраціўляўся міліцыянтам, перашкаджаў дарожнаму руху, ужо цягне на «крыміналку», калі вельмі захацець. Наагул адвакат мяне напалохаў ладна, дый сам я зразумеў, што тут магу і ў турме апынуцца надоўга. Таму даслоўна за адзін дзень усё пастанавіў. Увечары пайшоў у бар, з сябрамі пасядзеў, пары асобаў распавёў пра свае планы, і ўсё. Набыў квіткі ў Кіеў, сабраў рэчы ды прыехаў.

Першы тыдзень у Кіеве актыўна без перапынку гуляў: мяне проста трусіла, патрэбная была актыўнасць, інакш фізічна проста было блага. Пачуццё, падобнае да таго, як апісваюць вяртанне з вайны. Як у Рэмарка ў творы. Гэта не нейкія дакучлівыя ўспаміны, а проста моцны мандраж: трэсці пачынае, але больш у эмацыйным плане, рацыянальна гэтае пачуццё растлумачыць не ўдаецца. Проста жахлівая трывога і трасе. Таму і навіны стараюся не глядзець, яны прыносяць моцны стрэс. Але ў выніку ўсё роўна гляджу. Я разумею, што тут ад гэтага толькі суцэльнае засмучэнне і перажыванні, але нічога з сабою зрабіць не магу. Я толькі навіны пачытаю – і зноў адчуваю моцную злосць, зноў трывога. Вельмі дэструктыўная эмоцыя, бо ад гэтага горш толькі мне. Дый праблемы са сном: як у Беларусі былі, так цяпер і ва Украіне. Праз стрэс апошнія пару тыдняў наагул не магу заснуць, рэгулярна засынаю пад раніцу.

Яшчэ ёсць такое пачуццё, быццам я проста ўцёк, а мог бы і далей працягваць змагацца, нягледзячы ні на што. Напрыклад, на працы перайсці на дыстанцыйны рэжым, жыць у кватэры брата, якая на мяне не запісаная. Заставацца там, працягваць дзейнасць. Думаў яшчэ, што можна нейкага бяздомніка за бутэльку гарэлкі папрасіць сімку набыць на ягонае імя, праз яго аформіць – мяне б наагул ніколі не знайшлі. Я часта пракручваю сабе гэты сцэнар у галаве.
Усё роўна заўсёды было пачуццё, што мог бы зрабіць больш. Я ў такім выпадку раней, у Беларусі, проста стараўся больш. Часам, калі арганізм адмаўляўся працаваць, я дзянёк ці два адпачываў – і зноў у бой. А цяпер так нельга. Я зʼехаў і нічога ўжо не магу. Гэта жудасна цяжка ўсведамляць. Калі гляджу навіны, думаю, што мог бы быць там, з усімі!
Тут вельмі самотна. Я прывык да іншага. У мяне ў Горадні была вялікая кампанія, у пятніцы заўсёды ў адным бары збіраліся. Гэта было нашае месца. А сюды прыязджаю – я тут адзін наагул, ні душы не ведаю. Яшчэ і пасля ўсіх падзеяў памянялася стаўленне да жыцця. Цяпер дзялю на катэгорыі: ёсць сапраўды сурʼёзныя рэчы, калі цябе могуць забіць, пасадзіць надоўга, пакалечыць, а ёсць усё астатняе. І вось усё астатняе – гэта ўжо не так важна. З аднаго боку, так прасцей быць сабою: ужо не разважаеш, што чалавек пра цябе падумае. Але часам такая пазіцыя ў плане кантактаў з іншымі людзьмі вельмі перашкаджае, стварае сацыяльны барʼер. Вось табе кажуць пра нейкія рэчы: сваркі з сяброўкамі, праблемы ва ўніверы... А ў тваёй галаве гэта ўсё шчыра абясцэньваецца. Хоць і не хочаш, а ўсё роўна думаеш: божа, цябе сапраўды хвалюе вось гэта? І тады разумееш, што вам абсалютна розныя тэмы важныя. І што вы на розных узроўнях думаеце. І як бы гэта крыўдна ні было, разумееш, што ў цябе ўзровень ніжэйшы. У цябе базавыя патрэбы зачыненыя: ты жывы, цэлы – і ўсё добра. А ў іх ён вышэйшы, бо на базавым узроўні ўсё ў парадку, і яны могуць хвалявацца пра іншае. Але я хачу адысці ад гэтага ўсяго, знайсці кампраміс з сабою. Вось і стараюся працаваць над сабою: менш навінаў чытаю, больш пра сябе клапачуся.
Пацешна, што да гэтага я заўсёды хацеў пераехаць у іншую краіну, а вось як гэтыя падзеі здарыліся – я ўпершыню адчуў, што Беларусь – мая краіна, і я быў бы гатовы застацца ў ёй пасля ўсяго гэтага, у той дупе, якая наступіць. Проста таму, што хачу дапамагчы. Зʼявілася пачуццё салідарнасці, якое я да гэтага ніколі не адчуваў. Дзе б я ні быў, цяпер словы «народ», «радзіма» для мяне значаць шмат.
Пацешна, што да гэтага я заўсёды хацеў пераехаць у іншую краіну, а вось як гэтыя падзеі здарыліся – я ўпершыню адчуў, што Беларусь – мая краіна, і я быў бы гатовы застацца ў ёй пасля ўсяго гэтага, у той дупе, якая наступіць. Проста таму, што хачу дапамагчы. Зʼявілася пачуццё салідарнасці, якое я да гэтага ніколі не адчуваў. Дзе б я ні быў, цяпер словы «народ», «радзіма» для мяне значаць шмат.