Максім
«Толькі з часам я зразумеў, што траўмаваны»
Максім
«Толькі з часам я зразумеў, што траўмаваны»
Максім Швед – беларускі дакументаліст, аўтар карціны «Чыстае мастацтва». Улетку 2020-га ў Менску ён працаваў над новаю дакументальнаю стужкай аб прэзідэнцкіх выбарах. 10 жніўня Максім пастанавіў працягнуць здымкі фільму – і быў затрыманы. Дакументаліст прабыў у турме ў Жодзіне 5 дзён. Самым траўматычным досведам называе затрыманне і перабыванне ў РУУС: ён не мог паверыць, што людзі здольныя гэтак ставіцца да іншых. Усведамленне наяўнасці траўмы прыйшло значна пазней і фармуецца дасюль.
Уласна перабыванне ў турме не было такое траўматычнае. Можна нават сказаць, што гэты досвед быў цікавы для мяне як для дакументаліста. Я правёў гэтыя пяць дзён досыць інтэнсіўна. А вось з моманту затрымання, знаходжання ў РУУС, пакуль нас адвезлі ў Жодзіна... Гэтыя моманты былі самымі страшнымі.

Я не магу назваць канкрэтных прыкладаў, што менавіта мяне так уразіла: усё было як у тумане. Гэта як на захапляльным атракцыёне. Ты спачатку толькі паспеў адкрыць рот, а потым у канцы выйшаў з яго – і: «АЛЕ Ж! Усё ззаду». Застаецца толькі гэтае пачуццё, быццам нешта схапіла цябе за жывот – вось яно ўнутры засталося. Астатнія ўспаміны для мяне як выбліскі размытыя. Рэч у тым, што ўбачанае там настолькі не ўкладаецца ў маю карціну свету і ў прынцыпе ў тое, якім можа быць стаўленне аднаго чалавека да іншага, што я ўспрымаю гэтыя падзеі як прагляд фільму з сабой у галоўнай ролі. Складана паверыць, што гэта твая новая рэальнасць: тое, чаго ты не мог уявіць, з чым не чакаў сутыкнуцца. Вось ты абстрактна чытаеш пра Галакост, пра войны – нібыта ўключаецца эмпатыя, логіка. Але калі гэта адбываецца з табою, тут зусім іншы ўзровень. Шакуе нават не тое, як менавіта людзі з іншымі абыходзяцца, а што гэта ў прынцыпе мае месца. Памяць спрабуе пазбыцца гэтай інфармацыі, а мозг адмаўляе прызнаваць яе сапраўднасць.

Я калі ўбачыў у інтэрнэце фатаграфіі з начальнікамі на сцяне РУУС, дзе я быў, захаваў скрыншот. Мне здалося гэта нейкім сведчаннем, што гэтае месца рэальна існуе, што я яго сапраўды бачыў, гэта са мной адбывалася... І што вось на сцяне яны віселі... Я ж там практычна ўсю ноч сядзеў, і адною з забаваў было разглядаць іхныя партрэты.
Жодзіна не самае камфортнае месца для пражывання. 36 розных мужчынаў, якіх я мог і не ўбачыць ніколі ў іншай сітуацыі. Гэты вымушаны досвед па-свойму быў вельмі займальны. Вядома, былі там і змрочныя моманты. Пры канцы адных пачалі выпускаць, іншых яшчэ пакідалі, усё было выпадкова. Напярэдадні мы наагул не ведалі, выпусцяць нас ці не, пры гэтым мы не ведалі, куды адводзяць астатніх людзей. Апошнім, хто заставаўся ў нашай камеры, у тым ліку і мне, было складана псіхалагічна заставацца ў невядомасці, гэтыя содні чакання вельмі моцна нас зламалі. Я назіраў, як хлопцы, стрыманыя, спакойныя, якія ўсе 5 дзён максімальна ўраўнаважана рэагавалі на любыя сітуацыі, цяпер трое з пяці рэальна ўсчалі панікаваць. Ляжыць чалавек, ляжыць, ляжыць, потым ускоквае, пачынае крычаць, грукаць у дзверы, галасіць. Я назіраў за тым, як у чалавека пачалася сапраўдная істэрыка, такіх праяваў я раней ніколі не бачыў.

Адразу ты выходзіш з вельмі дрэннай сітуацыі, яна канчаецца, і ты думаеш, што ўсё, ты на светлым баку, гэта быў дурны сон. У першы час ні пра які аналіз псіхічнага стану і пагатоў не думаеш. Я адразу, як прыйшоў дадому, лёг на ложак – на вялікі і мяккі... Адзін, а не з нейкім мужыком невядомым. І, вядома, гэта было шчасце. Усяго толькі ложак, а якая радасць у жыцці! Дый наагул, тут такая логіка. Ты літаральна тры хвіліны таму быў у турме і не ведаў, калі ты выйдзеш: ніхто нічога не тлумачыць, ніхто нічога не кажа. Як ты паедзеш дамоў? Ці будуць цябе сустракаць? А тут ты выходзіш, цябе ўсе сустракаюць. І ўвесь гэты былы змрочны антураж у адзін момант знікае. Гэтая імгненнасць, з якой ты трапляеш з адной рэальнасці ў іншую, настолькі агаломшвае, што псіхалагічна апынаешся ў гэтак камфортнай сітуацыі, дык чаго тут скардзіцца. Усё нармальна!
Але час мінуў, і толькі тады я зразумеў, што траўмаваны, што трапіў у канкрэтную непрыемную сітуацыю ды ставіўся да гэтага так лёгка і спакойна. Нават калі апавядаў, я апавядаў неяк палегчана. А потым, з часам, усё роўна нешта ў галаве пстрыкае і не дае табе спакою, ты ніяк не пазбываешся ў думках гэтых карцінак з пражытага. Думаю, што нават цяпер яшчэ не да канца ўсё ўсвядоміў.
Я чытаю часам, што цяпер адбываецца з іншымі зняволенымі ў той жа Жодзінскай турме, дзе я быў. Разумею, што ў іх умовы значна горшыя. Я проста параўноўваю і разумею, што мне, можна сказаць, пашанцавала, што я з матрацам спаў, а не на краце, што не на падлозе, што цяпер не даюць канваіры спаць удзень, а я мог. Я так параўноўваю свой досвед і думаю, што я такі шчасліўчык, ці што.
Тут яшчэ такая штука ўключаецца. Я ж мужчына. Быць мужчынам – значыць не скардзіцца, бо не хочацца быць вартым жалю. Таму, калі ты кажаш пра свае пакуты, ты ўжо ў зоне ўразлівасці: адкрываешся, давяраешся... як быццам не мужык.
Я сам думаў, чаму так, адкуль гэтае параўнанне з іншымі зняволенымі? Але зноў жа, калі ў цябе баліць у пары месцаў, сіняк невялікі нейкі, валасы пафарбавалі – гэта адно. А калі ў чалавека проста чорны зад, сіне-чорны, і ён не можа толкам ляжаць, сядзець, нічога не можа – вядома, відаць, што ён адназначна больш пацярпеў, чым ты. Таму, калі ты выходзіш і цябе валанцёры пытаюць, ці трэба дапамога, у цябе ў галаве адразу ўсплываюць гэтыя карцінкі, язык не паварочваецца пра сябе нешта сказаць. Ёсць тыя, хто нацярпеўся, вось ім трэба дапамога! А ты... Ну так, гэта не падобна на твой звычайны дзень, але гэта ўсё можна стрываць.
Потым ужо, вядома, ты разумееш што так, тут рэч не толькі ўва ўсіх сіняках, але і ў тым, што ў галаве цяпер робіцца.
Я досыць актыўна бяру ўдзел у пратэставым жыцці. Часта з прафесійнай неабходнасці. Напрыклад, у мінулыя выходныя здымаў сюжэт з адной гераіняй, то бок міжволі браў удзел, трапіў у цэнтр падзеяў. Але я хаджу, бывае, проста так – без камеры, без герояў, без нічога, каб праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю. Глядзець на пратэсты, калі ты там, заўсёды лягчэй, чым у телеграм-чатах. Мне здаецца, у рэальнасці гэта не так шакуе, як у інтэрнэце.

Удома сядзець немагчыма, чытаць усё гэта цяжка, таму выходзіць – гэта самае аптымальнае рашэнне, якое вымагае меншых энергетычных выдаткаў. У рэальнасці ты не бяжыш, ты ходзіш, гуляеш, можаш зайсці ў кавярню ўзяць кавы, зрабіць нейкую перадышку. Ты можаш нават наагул не трапіць у экстрэмальную сітуацыю. У інтэрнэце ж падаюць баявыя зводкі, як на мяне. Таму там усё вельмі выбранае, больш агрэсіі, чым у жыцці.

Але, нягледзячы ні на што, ісці на акцыю – гэта заўсёды ўнутраная барацьба. Па-першае, я проста азіраюся, я раней ніколі не азіраўся па баках, а цяпер гляджу пастаянна. Чалавек, які бяжыць, можа вельмі палохаць. Вось раней хтосьці бяжыць за тралейбусам, і ты б нават не падумаў нічога. А цяпер ёсць пачуццё, што ён ад кагосьці ўцякае. Дый наагул, у любы дзень, у любой мясцовасці, у цемры, пры святле дня – агульная прадбачлівасць нейкая з'явілася. Я яшчэ хвалююся за няскончаныя праекты, што з маёй віны могуць кагосьці затрымаць. Калі ты здымаеш героя, ты і за сябе, і за героя адказваеш, адказнасці больш зʼявілася ў гэтым сэнсе.

Мне падабаецца, калі пратэст набывае розныя негвалтоўныя формы. Я зняў фільм пра асаблівае мастацтва («Чыстае мастацтва»). Мяне цікавіла адна дзіўная мастацкая зʼява: калі камунальнікі зафарбоўваюць усе надпісы і графіці на сценах гарадоў Беларусі, атрымліваюцца такія рознакаляровыя цьмяныя простакутнікі на будынках. Раней такое часцей можна было сустрэць у больш маргінальных частках гораду, і я гэтыя месцы люблю, люблю іх фатаграфаваць.

Але цяпер увесь горад пакрыўся пратэставымі надпісамі і, адпаведна, гэтымі прастакутнікамі ды квадратамі. У многіх з іх рэальна адгадваюцца надпісы «Жыве Беларусь!» і «3 %» ды іншае. Мне гэта цешыць вока, бо можна самому пераканацца, як паступова ўсе звыклыя інструменты рэжыму перастаюць працаваць.
Гэтая зʼява існавала праз культ чысціні і парадку. Я разумеў, што гэта не проста чысціня і парадак, гэта спосаб улады паказаць сваю прысутнасць. Шмат каму гэта падабалася, асабліва прыезджым: маўляў, вось якая Беларусь чыстая. А мне – не, гэта нейкая шпітальная стэрыльнасць. І цяпер яна руйнуецца.