Яшчэ складана тут жыць праз атачэнне і агульную панурую атмасферу. Калі ў душы ў цябе запал пастаянна нешта рабіць: пратэсты, сцягі, барацьба! А натыкаешся на цішыню. Вось, забілі Рамана Бандарэнку, абвесцілі жалобу, а 12-й гадзіне дня трэба было спыніцца – хвіліна маўчання, а 9-й вечара была акцыя – паставіць свечку на падваконні. Хоць я і хварэла, усё роўна выйшла на балкон апоўдні. Людзі ідуць з авоськамі, мужыкі нейкія з валізкамі, хтосьці – у тэлефоне, аўты ездзяць. Я гляджу на гэта і думаю: Божа, людзі, вы наагул дзе жывяце? Што адбываецца? Чаму? Са свечкай – дакладна так сама, няма адчування згуртаванасці і масавасці, ці што. Я паставіла свечку, адна мая знаёмая з суседняе вуліцы – таксама. Яна мне піша і кажа: «Я паставіла, але мне здаецца, што я адна на ўсёй вуліцы была са свечкай у акне». І я яе разумею, часам і праўда здаецца, што ўсім навокал, акрамя цябе, проста пляваць. І рукі апускаюцца.
І што рабіць з гэтымі людзьмі? Што рабіць з безыніцыятыўнасцю вакол цябе? Я займаюся ўсякімі актыўнасцямі культурнага плану пасля школьнага ды інстытуцкага часу – свядома, у гэтым горадзе з 2012 года, гэта значыць ужо 8 гадоў. За гэты час зразумела, што людзі тут гатовыя глядзець і цікавіцца, але вось браць актыўны ўдзел – не. У нас у танцавальнай супольнасці нават быў пост на сайце, нешта тыпу «як перастаць глядзець нашыя фоткі ў сацсетках і прыйсці танцаваць?». Гэта значыць, у Барысаве пасіўна падтрымліваць у людзей прынята, але вось уключацца ў сам працэс – гэта нешта вынятковае.