У верасні затрымалі блізкую сяброўку-мастачку за ейную ліпеньскую мастацкую акцыю.
А ў самым пачатку кастрычніка я зняў адну працу, якая атрымалася віруснай. Увагі было вельмі шмат, я не быў да гэтага ўсяго гатовы. Мастачка, якую тады затрымалі, мне потым напісала, каб я быў больш асцярожны. Аказваецца, я праходжу ў ейнай справе: там ёсць фотаздымак, за які яе і асудзілі, там я разам з ёю на акцыі стаю. А ў нас, у праваахоўных органах, як я зразумеў, гэта так працуе: цябе не чапаюць, пакуль ты не мільганеш дзесьці двойчы ці тройчы. Мы з дзяўчынай і сябрам пастанавілі паехаць у Кіеў менавіта праз гэтую гісторыю. Бо я разумеў, што калі некага закранула маё відэа, то ён прыйдзе бліжэйшым часам.
Магчыма, я стаміўся на працы ды крыху запанікаваў ад ахопу, бо не чакаў яго, я не ведаў, што мне з гэтым рабіць. Але лепш засцерагчы сябе. Вынес усю тэхніку з дому: былі яшчэ паралельна праекты, над якімі працаваў, а калі прыходзяць арыштоўваць – усё гэта адбіраюць. Не хацеў пазбавіцца працаў у кампʼютары. Яшчэ страшна было, каб не зʼявіліся дадатковыя прычыны мяне вінаваціць у чымсьці, таму проста ўсё вынес. У гэты момант я ўжо пачаў думаць пра пераезд у іншую краіну. У Кіеў ехаў, каб у тым ліку паглядзець, як там жыць, прыцаніўся да працы, да жытла, была такая мікравыведка.