Нас душаць вельмі моцна. Шмат хто ўжо з'ехаў з Беларусі, не вытрымалі, і я баюся, што магу хутка здацца. У Менску больш няма месца, дзе я адчуваю сябе ў бяспецы.
Але ёсць людзі, якія працягваюць выходзіць, – гэта важны фактар, які маральна падтрымлівае. Пасля смерці Ромы Бандарэнкі стала жудасна страшна. Калі чалавека забіваюць у ягоным двары нейкія гопнікі, – дзікунства. Пасля гэтага ты думаеш: ці наагул выходзіць лішні раз на вуліцу ў выходны?
Выхад на вуліцу, сцягі ў вокнах, муралы і стужкі ў дварах – усё гэта сімвалы, якія дапамагаюць вытрымаць гэты складаны перыяд рэпрэсіяў у Беларусі. Гэта разумеюць і ўлады, таму страляюць у вокны, збіваюць людзей, зневажаюць. Думаюць, што калі ўсё схаваць, то людзі страцяць надзею. Але перамога ўжо адбылася – перамога ў галовах, у адчуванні, што мы ніколі больш не будзем мірыцца з гэтым рэжымам, што нас большасць.