Рэвалюцыя — гэта жанчына
Галасы і асобы беларускага пратэсту
Рэвалюцыя — гэта жанчына
Галасы і асобы беларускага пратэсту
Пратэсты ў Беларусі пачаліся амаль адразу ж пасля закрыцця выбарчых участкаў увечары 9 жніўня 2020 года. Разам з мужчынамі на вуліцы выйшлі сотні жанчын. Прыгожыя, смелыя і адважныя. Яны казалі пра тое, што прэзідэнцкія выбары сфальсіфікаваныя, а іхныя галасы скрадзеныя. Шмат каго з іх за гэта збілі, знявечылі і прыніжалі ў аўтазаках, ЦІПах, турмах. Але гэта не спалохала беларусак, а наадварот — раззлавала і матывавала змагацца за свае ідэалы ды перакананні. Ужо 12 жніўня з кветкамі ў руках яны сталі ў выключна жаночыя ланцугі салідарнасці, абараняючы сваіх дзяцей, мужоў і хлопцаў, бацькоў і братоў, сяброў і сябе.
З нас хопіць! Нас шмат, і гэта – нашая краіна!
Усіх у турму не пасадзіш!
З нас хопіць! Нас шмат, і гэта – нашая краіна!
Усіх у турму не пасадзіш!
Гэтак прамаўлялі жанчыны на мітынгах і акцыях. Ніколі раней беларусы, і ў прыватнасці беларускі, так масава не выходзілі на вуліцы. Але падзеі 9–11 жніўня 2020 года аб'ядналі іх і натхнілі разам змагацца за сваю краіну, за сваю сям'ю. Гэта вынятковы момант у гісторыі, сведкай якога была дакументалістка Юлія Шаблоўская.

Шмат гадоў беларуска ціха рабіла сваю «жаночую працу»: клапацілася пра дом і дзяцей, была абаяльнаю сяброўкаю, жонкаю, маці. Але ў жніўні 2020 года правілы гульні змяніліся. Кожная здабыла свой унікальны голас. І разам яны кажуць выразна і гучна.
Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб жаночы пратэст у Беларусі ўтварыўся. Ён столькі гадоў сыпаў сэксісцкімі выказваннямі ды непаважліва да нас ставіўся... Было відавочна, што раней або пазней жанчынам надакучыў бы гэткі стан рэчаў. Але нават цяпер, калі нас ужо тысячы на вуліцах, ён працягвае падкладаць саломы ў агонь сваймі каментарамі, прымушаючы жанчын пакідаць сям'ю і працу, выходзіць на плошчы. Значыць, менавіта цяперашнім уладам трэба падзякаваць за жаночыя пратэсты.

А ці не страшна выходзіць?

Страшна. Але мною кіруе яшчэ большы страх: я разумею, што рэжым Лукашэнкі ніколі не будзе ранейшым. Ён і цяпер не агонь, але будзе толькі горшым. Таму мне нашмат страшней жыць у дзяржаве з такім кіраўніком і палітычным дэфолтам, чым адседзець 15 содняў ці атрымаць пару разоў дубінкай.
Калі на Камароўцы АМАП заціснуў у кола ўдзельніц жаночага маршу, я стаяла ў глыбіні счэпкі і пралічвала варыянты развіцця падзеяў. Да гэтага часу дзяўчат не чапалі, але ў той момант стала зразумела, што цяпер дакладна будуць хапаць. І вось я стаю і думаю: трэба было бялізну ямчэйшую надзець, маму папярэдзіць, працоўны ліст дапісаць…

Цяпер апранаешся зручна?

Так! Пачала насіць станік без костачак, абавязкова апранаю тэрмабялізну, цёплыя шкарпэткі, яшчэ адны з сабой бяру. Купіла новы тэлефон, каб хадзіць з ім на пратэсты. Там няма доступу да маіх асабістых і працоўных звестак, не страшна яго разбіць або страціць. Яшчэ пракладкі заўсёды з сабою бяру і крыху ежы з вадою. Усё, больш мне нічога не трэба.
Самае пекла было ў першыя дні. 9 жніўня за тры метры ад мяне выбухнула святлошумавая граната, 10 жніўня я трапіла на барыкады ля «Рыгі» [універсам. – «Белсат»]. Мы паехалі на аўтамабілі ў горад, але не было інтэрнэту, мы не разумелі, што там [ля «Рыгі». – «Белсат»] адбываецца. Нейкі час усё было спакойна і мірна, было неапісальнае пачуццё салідарнасці, але сілавікі пачалі распыляць слезацечны газ, зноў паляцелі гранаты. Мы з сяброўкамі і татам забіліся ў аўта, завярнулі неяк на стаянку, запаркаваліся і чакалі. Калі дым разышоўся, на нас бегла група людзей у чорным, чалавек з пяцьдзясят, напэўна. Тата хутка выкіраваў, у дарозе мы прабілі нейкія барыкады, праехалі паўз ваенную тэхніку... І, калі ўсё ўжо, здавалася, скончылася, на тату з'явілася чырвоная кропка. У мяне ледзь сэрца не спынілася: няўжо гэта прыцэл? Выявілася, што гэта звычайны лазер, якім правяралі аўтамабілі. Нас зноў пранесла, але было вельмі страшна.
Баішся быць затрыманай?

Вельмі баюся.

А чаго менавіта баішся?

Баюся быць замкнёнай на некалькі содняў. Баюся атрымаць друком па спіне або галаве. А яшчэ не хачу чуць іхных размоваў. Мне страшна ўявіць, што сапраўды адбываецца ў іхных галовах.
Мяне не здзіўляе, што ініцыятыву ў Беларусі перанялі жанчыны. Мне не зразумела, чаму гэтага не зрабілі мужчыны. Як яны церпяць тое, што адбываецца? Людзей пазбаўляюць іхных законных правоў, а жанчын збіваюць і гвалцяць не серыйныя забойцы, маньякі, а прадстаўнікі закону! Таму пратэст супраць гэтага гвалту і беззаконня – гэта нармальная грамадзянская пазіцыя кожнай асобы. І не важна, жанчына ты або мужчына. Проста жанчын і дзяўчат, якія не баяцца, цяпер чамусьці ў Беларусі больш.

Вось, напрыклад, я. У мяне пакуль што няма сям'і ды дзяцей. Але ўжо цяпер я насамперш думаю не пра сябе, а пра сваіх будучых дзяцей. Мне здаецца, што гэта матыў шмат каго, хто выходзіць на вуліцы. Я хачу жыць у сваёй краіне і хачу, каб маё дзіця тут было ў бяспецы, было шчаслівае і ведала, што такое правы чалавека, а не пастаянны страх.
Я даволі баязлівая, заўсёды імкнуся пазбягаць сустрэчаў з сілавікамі. Але калі толькі пачаўся рух на заводах, адразу ж паехала з сяброўкай падтрымаць працаўнікоў МАЗу. І вось мы выходзім з метро і проста ілбамі ўпіраемся ў амапаўцаў. Першая думка: павярнуцца і ўцячы, зачыніцца ўдома і там сядзець.

Упершыню бачыла іх гэтак блізка. Цяпер, праз час, я пачала глядзець на чалавека ў чорным шлеме і рыштунку як на бяздушную ляльку. Не, я не спыніла баяцца сілавікоў. Мой мозг адмаўляецца інакш прымаць і ўсведамляць усю тую чарнуху, якую яны робяць. І неяк палягчэла. Цяпер, калі бачу іх на маршах, стараюся не рабіць рэзкіх рухаў, не нерваваць іх. Так паводзяць сябе з дзікай або агрэсіўнай жывёлай.

Мая асабістая барацьба пачалася яшчэ 4 жніўня, калі я пайшла ў незалежныя назіральніцы. Падзеі 9 жніўня проста давялі да кіпення ўсе назапашаныя эмоцыі.

Пад вечар да ўчастку пачалі падцягвацца суседзі. Хтосьці прыйшоў у трэніках і пантофлях, не разлічваючы на тое, што праз пару гадзін пачнецца рэвалюцыя, прыедзе АМАП і будзе нас круціць.

Вось сядзім мы пад школаю, чакаем вынікаў, спадзяемся, што нас усё ж пусцяць. Сцямнела. І тут мой муж пачынае хадзіць паміж людзей ды казаць, што трэба разыходзіцца. Я не зразумела, у чым справа, але з цемры з'явіліся чорныя сілуэты і рушылі на нас. Ішлі як на забойства. Нас было пяць жанчын-назіральніц, мы хутка і несвядома сталі ў ланцужок каля дзвярэй школы і давай крычаць: «Мы незалежныя назіральнікі! Мы нікуды не пойдзем! Мы маем права!» Нас не білі, але яны вельмі груба з намі размаўлялі, навісалі ўсім целам. Мама мая ўвесь час крычала: «Таня, сыходзь! Таня, сыходзь!» Было страшна: я ўпершыню так блізка бачыла амапаўца. Усяго ў чорным, у балаклаве, з ліхтарыкам у руцэ, якім свяціў у вочы...

Да нас так па-свінску паставіліся тым вечарам, што я зразумела: нельга дараваць, нельга адпускаць, нельга забываць пра галоўнае. Купіла кардон, зрабіла плакат «Вярніце нашы галасы» і з ім хаджу на пратэсты. Першы час, калі дзяўчаты дарылі кветкі амапаўцам, глядзелі на мой плакат коса. Але я працягвала хадзіць, не хавалася ніколі, ды і цяпер не хаваюся. З гонарам выходжу з пад'езду і езджу з ім [плакатам. – «Белсат»] у транспарце.

Беларусы – нявопытныя рэвалюцыянеры. Але калі жанчыны першы раз выйшлі на Камароўку, усё перакулілася з ног на галаву. Гвалт удалося спыніць, хай адно часова. Але мне здаецца, што менавіта мы, жанчыны, усімі сваймі маршамі ды ланцугамі салідарнасці ўсялілі ў Беларусь веру ў тое, што ўсё магчыма. Менавіта дзякуючы нам тысячы людзей дасюль выходзяць на вуліцы і змагаюцца за сваю і нашую будучыню. Вось так жанчыны падарылі краіне рэвалюцыю.
У матэрыяле выкарыстаныя выказванні актыўных удзельніц пратэстаў у Беларусі.
BELSAT.EU
Фота і тэкст: Юлія Шаблоўская
Рэдактарка: Вольга Ярохіна
Belsat.PHOTODOC – новы праект фотаслужбы «Белсату». У ім мы будзем знаёміць чытачоў і гледачоў з працамі дакументальных фатографаў і фотарэпарцёраў, якія цікавяцца беларускай праблематыкай.

Свае гісторыі і праекты вы можаце даслаць на адрас: belsat.photodoc@gmail.com
У матэрыяле выкарыстаныя выказванні актыўных удзельніц пратэстаў у Беларусі.
BELSAT.EU
Фота і тэкст:
Юлія Шаблоўская
Рэдактарка:
Вольга Ярохіна
Belsat.PHOTODOC – новы праект фотаслужбы «Белсату». У ім мы будзем знаёміць чытачоў і гледачоў з працамі дакументальных фатографаў і фотарэпарцёраў, якія цікавяцца беларускай праблематыкай.

Свае гісторыі і праекты вы можаце даслаць на адрас: belsat.photodoc@gmail.com

© 2020