Стаса разам з сяброўкаю затрымалі ўвечары на вуліцы. Каля іх спыніўся мікрааўтобус, адтуль выйшлі людзі ў цывільным і папрасілі мабільныя тэлефоны. Яны падумалі, што калі адмовяцца, то іх дакладна затрымаюць. Пакуль сілавікі праглядалі фота і відэа ў тэлефонах, хлопца з дзяўчынай завялі ў бус. Там у Стаса заўважылі белую стужку на руцэ і пачалі збіваць.
Потым загадалі хлопцу легчы на падлогу і скруцілі рукі сцяжкай. Тут яны прыкмецілі, што ў затрыманага яшчэ і бел-чырвона-белы рамень. Яго разрэзалі, пацягнулі за майткі, тыя парваліся. Неўзабаве мікрааўтобус спыніўся, і Стаса перадалі іншым супрацоўнікам. Тыя аблілі яго белай фарбаю са словамі: «Ці даўно ты быў у цырульніка?» Затым Стас трапіў у аўтазак, дзе на падлозе ляжалі людзі, два-тры пласты. Тых, хто зверху, білі, а Стас ляжаў унізе. Ён не мог нават павярнуць галаву – гэтак моцна прыціснулі яго целы зверху.