Яго пасадзілі ў бус і працягвалі біць з воклічамі: «Чаму не паважаеш даішнікаў!» Потым перасадзілі ў аўтазак. Там ужо ляжалі людзі тварамі ў падлогу, іх перыядычна таксама збівалі. Кроў у Мікалая не спынялася. На падлозе з'явілася вялікая чырвоная пляма, і Мікалаю загадалі зняць адзежу і выціраць кроў. Потым праз жывы калідор мужчына ды астатнія затрыманыя мусілі бегчы ў іншы аўтазак, які вёз на Акрэсціна. Мікалай спрабаваў спыніць кроў, і на некаторы час яму гэта ўдалося.
З аўтазака загадалі выбягаць і спяваць гімн, зноў беглі праз такі самы калідор з сілавікоў. Паставілі на калені, загадалі нахіліць галаву. Мікалай зразумеў, што траціць прытомнасць, за гэта яму ўлупілі дубінкай. Адзін міліцыянт дазволіў мужчыну падняць галаву. Тут жа падышоў амапавец: «Хто дазволіў? Тварам у падлогу!» І пару разоў ударыў па спіне. Мужчына зноў унурыўся ў зямлю і пачаў рваць траву і запіхваць у нос, каб хоць неяк спыніць кроў. Зноў зрабілася блага, і адзін з супрацоўнікаў дазволіў яму выпрастацца. Праз сем хвілінаў падышоў той самы амапавец і пачаў біць па галаве. Мікалай спрабаваў захіліцца рукою, але марна.
Апрытомнеў Мікалай ужо ў карэце хуткай дапамогі на тэрыторыі Акрэсціна. Дзверы ў машыну былі адчыненыя, побач стаяў амапавец і казаў працаўніцы хуткай: «Ну што, вярнула яго да прытомнасці? Давай яго сюды». Але тая заявіла, што забірае хворага з сабой.