Там пабоі мужчыны агледзеў медычны работнік. На скаргі ён толькі паціснуў плячыма: «Гэта лёгкія драпіны». Некалькі дзён за кратамі, без збіцця, падаліся Максіму санаторыем у параўнанні з тым, што ён перажыў падчас затрымання. Далей быў чарговы сімвалічны суд. Суддзя Сяргей Салоўскі ўжо меў гатовае рашэнне: 15 содняў арышту. «Ён на мяне глядзеў, як на кучу гною», – згадвае Максім. Ужо 14 жніўня Максіма і дзясяткі іншых арыштаваных без тлумачэнняў вызвалілі.
У такім выглядзе Максім прыйшоў на нядзельны марш пратэсту. Людзі сталага веку падыходзілі да яго з недаверам – думалі, што ён намаляваў сабе гэтыя сінія сляды.
Максім змог зафіксаваць факт збіцця ў абласным шпіталі. Яму дыягнаставалі закрыты пералом хрыбеткі. Там сама жанчына-следчая пераканала яго падаць заяву ў Следчы камітэт. Пасля гэтага Максіма пачалі шукаць. Тэлефанавалі не толькі сям'і і сябрам, але нават валанцёрам, якія сустракалі яго каля ізалятару, і дактарам. Знаёмыя папярэдзілі Максіма, што гомельская міліцыя дагэтуль лічыць яго арганізатарам мітынгаў. Гэта стала апошняй кропкай. Разам з сябрам яны выехалі ў Польшчу. «Нам яшчэ пашанцавала, – кажа мужчына. – Мы на мяжы так і сказалі беларускім памежнікам: едзем прасіць палітычнага прытулку. Тыя доўга думалі, а потым без далейшых пытанняў пусцілі».