Пасля фармальнага суда Кірыла адвезлі ў Слуцкі лекава-працоўны прафілакторый (ЛПП). На даглядзе мужчынаў прымусілі раздзецца. «І палкоўнік – ён глядзіць і аж скрывіўся, убачыўшы нашыя целы. Жанчыны там, маёршы... Яны ў жаху казалі:«Хлопцы, што з вамі рабілі?» Кірыл згадвае душ у ЛПП і магчымасць змяніць адзенне, што ўжо развальвалася ад поту, як найлепшую падзею за ўвесь час зняволення.
Па вызваленні Кірылу прыгадалі старыя справы, звязаныя з ягоным бізнесам, і, не чакаючы далейшага развіцця падзеяў, ён з'ехаў з Беларусі. Распавядаючы пра ўласныя планы, упершыню за нашую доўгую размову Кірыл злуецца. «Бывала і горай! Я бачыў, як чалавеку нагу адарвала, хлопцу 22 гады. Што ў мяне – бізнес, грошы, ну пабілі, ну добра. А на халеру мне тая краіна? Навошта мне там дзяцей гадаваць?» Сям'я дамовілася аб'яднацца, як толькі Кірыл уладкуецца на новым месцы. Пра вяртанне ў Беларусь пакуль нават не вядзецца.