Затрыманых павезлі да стэлы і перагрузілі ў аўтазак. Першыя знявагі ды ўдары. Утрох мужчыны апынуліся ў маленькім і душным «стакане». Яны чуюць, як на вуліцы і ў аўтазаку жорстка б'юць людей. «І мы разумеем, што тут, у машыне, – зусім іншая краіна, не Беларусь», – распавядае пра знікненне апошніх ілюзіяў Кім. Затрыманых даставілі ў адно з раённых упраўленняў сталіцы. Далей – калідор з амапаўцаў, што збіваюць новапрыбылых і кідаюць на калені, тварам уніз, на зямлю. Праз некалькі гадзінаў людзей перавялі ў залу з бетоннаю падлогаю ды кінулі на яе ў той жа пазіцыі.
Кім кажа, што міліцыянты пачуваліся як мінімум няёмка ад таго, што адбывалася навокал. Адзін з іх, калі застаўся з дзясяткамі збітых людзей, папрасіў прабачэння: маўляў, «гэта сістэма такая», і нават дазволіў патэлефанаваць блізкім. Паспелі пазваніць шасцёра. «Раптам забягае хтосьці з дубінкаю ў руках і крычыць: «Як вы смееце на міліцыю руку падымаць!» І проста ідзе і збівае ўсіх дубінкаю», – прыгадвае мужчына і супрацьлеглыя паводзіны міліцыянтаў. Той супрацоўнік загадаў не пускаць затрыманых у прыбіральню і не даваць ім вады. Раніцаю ўсіх павезлі ў Жодзінскі ізалятар.