«Я быў упэўнены. Я не сумняваўся. Я насамрэч да апошняга думаў, што зараз нас правераць, нічога ж супрацьзаконнага няма, і мы паедзем далей. Да апошняга быў упэўнены. Пакуль нас не паклалі на зямлю», – згадвае Андрэй. Мужчынаў пачалі збіваць ужо тады, пры вобшуку. У багажніку знайшлі перакіс вадароду, і гэта запэўніла сілавікоў у тым, што затрыманыя нібыта рыхтаваліся да пратэсту. Мужчына ў цывільным і з адкрытым тварам – відавочна, кіраўнік гэтай групы – перад тым, як Андрэя закінулі ў аўтазак, крыкнуў: «Гэты – рэвалюцыянер!»
У аўтазаку здзекі працягнуліся. Андрэя пасадзілі на кукішкі, а на яго ўскараскаўся амапавец. «Здаравенны, там кілаграмаў сто было, у мяне аж усё захрусцела ўсярэдзіне. Кажу, каб злез, бо цяжка. Ён, як і сядзеў, пачаў біць мяне ў твар: маўляў, мне добра, то чаго табе дрэнна. І крычаў сваім: «Хлопцы, глядзіце, які ў мяне зэдлічак!» – згадвае Андрэй. Калі аўтазак затармазіў, амапавец зваліўся ў канец машыны. Тады ўсе сілавікі накінуліся на затрыманага: «Наступілі на галаву і ногі. Білі доўга: колькі мы ехалі, столькі і білі. Я крычаў ад болю. Калі траціў сілы на крык і непрытомнеў – яны спыняліся. Не паспяваў я ачуняць, як яны зноў пачыналі, я зноў крычаў і непрытомнеў. І паўтаралася». З часам машына напаўнялася, людзі ляжалі адно на адным.