«Станцыя Заапарк» узнікла на Цэнтральным чыгуначным вакзале Варшавы 10 сакавіка, каб дапамагаць жывёлінам, якія з гаспадарамі ўцякаюць ад вайны ва Украіне. Заснавала ініцыятыву польская журналістка і блогерка
Магда Ягніцка. Менавіта праз ейны Instagram шмат асобаў даведалася пра ініцыятыву: хтосьці прыйшоў валанцёрыць, хтосьці ахвяраваць на дзейнасць праекту.
За грошы, якія збіраюцца пераважна праз краўдфандынг, валанцёры закупляюць розныя гатункі корму, пераноскі і дамкі, сродкі гігіены, шлеі, ланцужкі і нават цацкі. Часцей за ўсё, тут можна сустрэць катоў і сабакаў, але часам бываюць папугаі, трусікі, марскія свінкі і нават яшчаркі. З пачатку запуску праекту праз яго прайшлі каля 250 валанцёраў, але сталая каманда – прыблізна 50 асобаў.
У асноўным дапамагаюць палякі, але ёсць беларусы і ўкраінцы, якія ў Instagram убачылі пост пра дапамогу гадаванцам. Дарэчы, валанцёрства не абмяжоўваецца выключна дапамогаю на вакзале. Ёсць яшчэ чат з інфармацыяй і пошукам ператрымкі для знойдзеных жывёлінаў.