«Усім распавядаю, як беларусы нам дапамагаюць»
Гісторыя Алены з Украіны, якая жыве ў беларускім шэлтары ў Варшаве
«Усім распавядаю, як беларусы нам дапамагаюць»
Гісторыя Алены з Украіны, якая жыве ў беларускім шэлтары ў Варшаве
Алене – 31, а Руслану – 7. У Адэсе ў жанчыны застаўся муж, а ў Руслана – бацька. Ён таксама настойваў на іхным ад'ездзе. Па прыездзе ў Варшаву маці і сын знайшлі прытулак у шэлтары, які адкрыў беларускі фонд «Краіна для жыцця» з дапамогай італьянскіх спонсараў. Тут можна быць да трох месяцаў, пасля пастаяльцы мусяць выехаць і самастойна здымаць жытло.
Алене – 31, а Руслану – 7. У Адэсе ў жанчыны застаўся муж, а ў Руслана – бацька. Ён таксама настойваў на іхным ад'ездзе. Па прыездзе ў Варшаву маці і сын знайшлі прытулак у шэлтары, які адкрыў беларускі фонд «Краіна для жыцця» з дапамогай італьянскіх спонсараў. Тут можна быць да трох месяцаў, пасля пастаяльцы мусяць выехаць і самастойна здымаць жытло.
Алена і Руслан прыехалі з Адэсы ў Польшчу 4 сакавіка. У дарозе былі два дні: ноч у цягніку да Львова, адтуль – цягнік да Пшэмысьля.

«Увесь час мяне пераследавала думка, як трапіць на цягнік. Урэшце нам пашанцавала, бо мы яшчэ і селі. Шмат дзетак спалі на валізах, на падлозе, а на століку побач з намі ляжала трохмесячнае немаўля», – згадвае Алена.
Цяпер падарожжа жанчына згадвае ўрыўкамі. Можа, таму, што лічыць сябе з сынам шчасліўцамі: яны, у адрозненне ад сваякоў з Харкава, не адчулі, што значыць хавацца ад бомбаў.

«Не магу ўявіць, як гэта – ісці хавацца з дзіцём у склепе, – кажа Алена. – Але калі б не Руслан, у мяне нават не было б думкі з'язджаць. Як гэта? Мой муж там, я павінна быць побач».
На рашэнне эвакуявацца паўплываў дыягназ хлопчыка, у яго затрыманне псіхічна-моўнага развіцця. Маці вельмі хацела, каб сын быў у бяспецы ды атрымліваў адпаведную дапамогу спецыялістаў. Дарэчы, сама Алена пакутуе ад біпалярнага разладу, пра які даведалася каля двух гадоў таму. Якраз перад пачаткам вайны яна выйшла з «мінусу» і з дапамогаю антыдэпрэсантаў падтрымлівае стан рэмісіі. Ёсць толькі адна асаблівасць гэтага стану: лекі даюць пабочны эфект і моцна блакуюць эмоцыі.

«Што я адчувала ў момант, калі пачалася вайна, а потым у дарозе? Нічога. Ні трывогі, ні хваляванняў. Я не адчувала нават падзякі да людзей, што дапамагалі ўжо ў Польшчы. Толькі разумела, чаму так адбываецца. Гэта дзіўна, калі адключаюцца эмоцыі, але мозг працягвае рацыянальна працаваць», – кажа жанчына.
Першы месяц сям'я правяла ў Лодзі. Гэта быў складаны час.

«Увесь час думаю, што мужа забяруць у войска. Яму 51 год, і ў яго таксама праблемы са здароўем. Як толькі ўяўляю гэта, мы з Русланам пачынаем маліцца, каб Бог дапамог і ўсё развязаў. Я не хачу, каб муж забіваў людзей. Таму любая малітва супакойвае: дзелішся турботамі з Богам – і робіцца лягчэй», – тлумачыць Алена.

Яна прызнаецца, што ўжо прывыкла да свайго дыягназу, але хвалюецца, што праз пару месяцаў можа здарыцца адкат, і яна іначай пачне рэагаваць на падзеі навокал, на тое, што застаецца ў чужой краіне:

«Я нарадзілася ў Харкаве, пераехала вучыцца ў Кіеў, а ўжо потым у Адэсу да мужа. Мне цяжка назваць нешта домам. Дом маіх бацькоў даўно перастаў быць маім домам. У Кіеве я жыла ў інтэрнаце. Да вайны з мужам мы жылі са свякрухаю, з якой у нас добрыя стасункі, але я ўсё адно не адчувала, што там мой дом. Як і тут цяпер у Варшаве. Усё гэта для мяне часова».

Алена дадае, што хіба заўсёды была асобай, якая не прывязваецца да рэчаў і месцаў.
У шэлтары ў Варшаве Алена пачула сябе спакайней. Тут знайшла падтрымку жанчын, якія апынуліся ў той жа сітуацыі. Гэтым месцам апякуецца фонд «Краіна для жыцця» пры дапамозе італьянскіх спонсараў. У трохпавярховым доме, які можа змясціць да 20 чалавек, жывуць такія ж, які і Алена, маці з дзецьмі да 15 гадоў.

«Жанчыны, якія знаходзяць у нас прытулак, апынуліся ў найскладанейшай сітуацыі. У кагосьці мужчыны – у турмах у Беларусі, у кагосьці – на фронце ва Украіне. У нас часовае жытло, каб мамы і дзеці маглі крышку адаптавацца, перавесці дух, зразумець, дзе яны, і паволі пачаць уладкоўваць далейшае жыццё», – распавядае Ганна Федаронак, дырэктарка шэлтару.
Ганна добра ведае, што адчуваюць людзі ў крызісе вымушанай эміграцыі. Яна з малым дзіцём уцякла ў Кіеў, дзе жыла ў падобным шэлтары з пакоем на восем асобаў. У Беларусі жанчыне пагражае тэрмін за працу незалежнаю назіральніцаю на прэзідэнцкіх выбарах і за ўдзел у пратэстах. Таму варшаўскі прытулак прымае не толькі ўкраінцаў, а і беларусаў, якія ўцяклі ўжо з Украіны.

За час, што жанчыны жывуць у шэлтары, кіраўніцтва імкнецца дапамагчы ім знайсці працу. Два разы на месяц Ганна на спонсарскія грошы купляе неабходныя харчы для кожнай сям'і – бакалею, малако, яйкі, ёгурты, а таксама побытавую хімію. Дапамагаюць дзіцячы псіхолаг і выкладчык польскай мовы. Цяпер заняткі праходзяць онлайн, таму купілі таблеты для кожнай сям'і. Усе памочнікі – валанцёры. Шмат асобаў прывозілі рэчы, прадукты і цацкі. Пару разоў нават прыязджала жанчына-касметолаг.
«Пасля першай ночы тут мне падалося, што прачнулася ад будзільніка. Была пятая раніцы, таму пачала злавацца і загадала яго выключыць. А гэта былі птушкі! Якое ж шчасце – адчуць цішыню і спакой. Тут утульна, кіраўніцтва шэлтару дапамагае нам. Да таго ж адчуваю велізарную падтрымку ад дзяўчат, што жывуць з намі. Разам разабраліся з дакументамі, шукалі садкі і школы для дзяцей», – кажа Алена.

Шэлтар таксама дапамагае людзям, якія тэрмінова шукаюць жытло на некалькі дзён альбо тыдзень. Тут у асноўным знаходзяць прытулак беларусы, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў, але ёсць і ўкраінцы.
Такі пакой уратаваў маці Алены – спадарыню Святлану, якая прыехала ў Варшаву 27 чэрвеня з Харкава. На эвакуацыі жанчыны настойвала дачка.

«Цяжка было выехаць, не хацела дзецям перашкаджаць, якія самі яшчэ не ўладкаваліся. Мы з суседзямі пасядзелі першыя пару дзён у склепах, потым пастанавілі застацца ў кватэрах. Спалі ў калідорах, падчас абстрэлаў хаваліся ў тамбурах. Страшна, вядома, калі страляюць зблізку, ракеты ляцяць. Мой дом пакуль стаіць цэлы, а што далей – не ведаю. Ужо тут, у Варшаве, не магла паверыць, што я ў бяспецы. Здавалася, што зараз зноў завые сірэна ці недзе пачнуць страляць. Цяпер хвалююся за тых, хто застаўся там. Ну, нічога! Галоўнае, што жывая», – зазначае Святлана.
Ад бамбавання Харкава ўцякла і Яна з дзвюма дочкамі – Палінай і Ліляй чатырох і васьмі гадоў. Спачатку ў бамбасховішчы сям'я паспела зрабіць сабе ложкі на палетах, дадому забягалі, каб хутка прыгатаваць ежу для дзяцей. Гэтыя забегі з кватэры да сутарэння Яна параўноўвае з аповедамі пра 1941 год:

«Ты бяжыш, вакол чуваць посвісты куляў і ракетаў, а ў небе відаць, як выбухаюць бомбы. Неяк прачынаюся ў бамбасховішчы, а гэта шэсць метраў пад зямлёй, і разумею, што мне на галаву зямля сыплецца, каменьчыкі падаюць. Аказалася, у той момант над намі ішлі танкавыя баі»
Нягледзячы на цяжкія ўспаміны, Яна думае пра вяртанне – у верасні дзеці павінны пайсці ў школу і садок. Разглядае Харкаў, калі яго перастануць бамбіць, або акупаваную тэрыторыю ў Харкаўскай вобласці, дзе жывуць бацькі жанчыны. Кажа, што ў Польшчы складана застацца, бо ў садках няма месца, а кватэру здымаць дорага:

«У Расею страшна ехаць. Але Харкаў будзе Харкавам, нават акупаваны і знішчаны. Дамы і школы адбудуем. Я там вырасла, гэта мой горад. І мае погляды застануцца пры мне. Але там у мяне і кватэра, і муж, яшчэ жывы. Выбару няма насамрэч».
Трыццацігадовая суседка Алены з пакою Наталля Дзедавец разам з 7-гадоваю дачкою Машай уцякла з Чарнігава. З першага дня вайны яны начавалі ў сутарэнні, бо бамбілі штодня. Яна не з'ехала адразу, бо мусіла даглядаць маці, а таксама думала, што ўсё ненадоўга. Кажа, што найстрашнейшае – гэта прызвычаіцца да такіх умоваў, таму, пакуль была ў горадзе, дапамагала развозіць ваду і харчы старым і асобам з інваліднасцю.
Толькі цяпер, у бяспецы, да жанчын прыходзіць асэнсаванне ўсяго, што давялося перажыць. Можа, таму яны рэдка тое згадваюць. Кажуць, успаміны баляць дасюль, сумуюць па старым жыцці, дзе можна было мець планы і думаць пра будучыню. Таму цяпер іхная мэта – як мага хутчэй уладкавацца ў Польшчы. Алена штодня кантактуе і з польскімі, і з украінскімі арганізацыямі ў пошуках дэфектолага ды псіхолага для Руслана:

«Яму цяжка выказаць думкі, таму без дапамогі спецыялістаў яму цяжка будзе знайсці сяброў і прызвычаіцца да новага асяроддзя. А я хачу, каб ён вучыўся і быў самастойным хлопчыкам. Планую аддаць яго ў польскамоўную школу. Такую параду дала псіхалагіня, якая займаецца з такімі дзеткамі, як Руслан. Яна беларуска, мы пазнаёмілася ў Цэнтры беларускай салідарнасці».
Алена імкнецца нагрузіць сына справамі, каб ён не думаў пра абставіны пераезду і не сумаваў. Акрамя гэтага, шмат справаў звязана з легалізацыяй у Польшчы ды пошукамі працы.

«Былі вакансіі з 12-гадзіннымі зменамі. Але куды дзець дзіця? Тупік», – паціскае плячыма жанчына.
Пакуль Алена некалькі гадзінаў на дзень прыбірае ў краме, а пасля – у прыватнай кватэры, але шукае чагосьці больш сталага. Вучылася яна на інжынера, але пасля нараджэння дзіцяці займалася сынам. Кажа, не цураецца ніякай працы. Перад дэкрэтным адпачынкам працавала і ў бары спартовай ежы, і прадаўніцаю:

«Не хачу браць грошай у мужа, бо ведаю, што ў яго складанасці з працай, яму яшчэ трэба дапамагаць сваёй маці і дачцэ ад першага шлюбу. Да таго ж я адразу настроілася, што мужа ў любы момант могуць забраць у войска, і мне трэба разлічваць толькі на свае сілы. За ўвесь час у Польшчы карысталася ягонаю карткаю толькі ў першы месяц, і вось нядаўна дазволіла сабе новыя басаножкі, бо муж настаяў. Цяпер усім кажу: «Глядзіце, які падарунак мне муж зрабіў!».
Трымацца Алене дапамагаюць аднадумцы. У вольны час яна ходзіць на сустрэчы да рэлігійнай арганізацыі «Сведкі Еговы». Аленіны сёстры і браты з веры сустракалі яе на вакзале, дапамаглі адаптавацца. Таму цяпер да будучыні Алена ставіцца па-філасофску, бо вера дапамагае ёй у складаных сітуацыях.
P. S.

Пакуль рыхтавалася гэтая гісторыя, Яна атрымала прапанову пераехаць у Нарвегію, дзе ёй прапанавалі дапамогу з легалізацыяй, школу для дзяцей і пастаянную падтрымку ў выглядзе дапамогі.

Мама Алены Святлана вярнулася дадому ў Харкаў, дзе перажыла пару моцных прылётаў недалёка ад свайго дому. Алена ўгаворвае яе вярнуцца ў Варшаву, але пакуль што жанчыны не ведаюць, ці пусцяць Святлану ў Польшчу другі раз без замежнага пашпарту.
___________

Тэкст і фота: Надзея Бужан

Belsat.PHOTODOC
– праект фотаслужбы «Белсату». У ім мы знаёмім чытачоў і гледачоў з працамі дакументальных фатографаў і фотарэпарцёраў, якія цікавяцца беларускай праблематыкай у краіне і за мяжой.

Свае гісторыі і праекты вы можаце даслаць на адрас: belsat.photodoc@gmail.com
© 2022