Святлана працягвае пазіраваць у лобі офісу, за крок ад нас – ахоўнікі.
Марыя Мароз, якая жыве са Святланай у адным доме, кажа, што ўсе ўжо звыкліся з імі, але часам няёмка ўсё роўна бывае. Асабліва калі трэба пайсці ў краму, дадае палітычная дзяячка.
– Як мы, жанчыны, ходзім па крамах? Трэба ж пастаяць, паразглядаць, у руках патрымаць і пакруціць... А тут людзі з табою – няёмка неяк перад імі. Таму з набыткамі, справамі ў хаце і часта нават з дзецьмі мяне вельмі выбаўляе Маша Мароз. Мы вельмі зжыліся сем'ямі праз усе гэтыя падзеі і пераезд. А сама я ўжо выходжу, калі дакладна ведаю, што і дзе я мушу набыць, напрыклад, дзецям. Але нават у такія моманты ў галаве сядзіць: я тут хаджу па крамах, а там людзі ў турмах сядзяць. Не час на гэта цяпер.
– У вашым профілі ў «Інстаграме» часта зʼяўляюцца допісы з заклікамі пісаць палітвязням. Вы самі камусьці пішаце?
– Гэтыя допісы – нашая абавязковая акцыя, бо важна казаць пра людзей. Што датычыць маіх лістоў, то ні адзін з тых, што я напісала Машы Калеснікавай ад рукі, не дайшоў. Электронныя лісты і паштоўка на дзень нараджэння, падобна, таксама. Гэта робіцца адмыслова. Людзі ў турмах мусяць думаць, што пра іх забыліся, што яны нікому не патрэбныя.