– 24 лютага для многіх украінцаў беларусы перасталі быць палітычнымі ўцекачамі. Цяпер яны грамадзяне краіны, з тэрыторыі якой на іх ляцяць ракеты. Пра якія супольныя заняткі гаворка? – Адна з ключавых думак
матэрыялу ў часопісе «Pismo» – што рэпрэсіі ў Беларусі ўплываюць і на жыццё людзей унутры краіны, і на жаданне еўрапейцаў дапамагаць тым, хто бяжыць і не падтрымлівае дзеянняў улады. Наш праект дае голас тым маладым беларусам і беларускам, чые сем'і заплацілі вельмі высокую цану за жаданне жыць у краіне, якая не бамбіць суседзяў. Тое, што гэтым досведам і гісторыяй яны дзеляцца з аднагодкамі з Украіны, робіцца пэўнага кшталту супольнай псіхатэрапіяй, урокам гісторыі Беларусі. Многія ўкраінцы толькі ў польскіх прытулках і сховішчах даведваюцца, хто такія палітычныя зняволеныя ў Беларусі, што імі становяцца за выпадковае супадзенне белага і чырвонага на
шкарпэтках, за
скрынку ад тэлевізара LG на гаўбцы.
Для дзяцей і падлеткаў, якія гэтак жа, як і дарослыя, апынуліся ў крызісе, вельмі важна мець зносіны з тымі, хто не толькі падзяляе іхныя перажыванні, але і расшыфроўвае іхныя эмоцыі і паводзіны дарослых. Фота дае магчымасць назіраць і аналізаваць тое, што адбываецца вакол, робіцца тым інструментам, што дапамагае авалодаць эмоцыямі, сфакусавацца на сваім стане ў канкрэтнай сітуацыі.