P. S.
Віка — шостая сукамерніца. Амаль адразу пасля содняў яна з'ехала ва Украіну і не брала ўдзелу ў здымках, але падзялілася ўласным досведам: «Мы сядзелі яшчэ тады, калі перадачы не былі забароненыя. З першага дня я стала «зоркай» у камеры, бо сяброўкі паспелі арганізаваць для мяне перадачу яшчэ ў РАУСе. Я дагэтуль не ведаю, як яны тую перадачу прапхнулі. Са мной былі мае крэмы, нават зубная нітка! І самае галоўнае, што там была чыстая бялізна. Я была чалавекам з дадатковымі чыстымі майткамі. Я вырашыла падзяліцца імі з дзяўчынай, у якой якраз пачаліся крытычныя дні. Яна так плакала праз гэта: яе праз дзве гадзіны пераводзяць, а тут яшчэ і такое... Уяўляеце? А тут на дапамогу прыходзяць чыстыя майткі, якія дазваляюць хоць троху адчуць сябе чалавекам! Дарэчы, тое ж і са звычайнай туалетнай паперай, якая таксама была адна на ўсю камеру. Усё дзякуючы маім выдатным сяброўкам.
Яшчэ ў маім жыцці з'явілася Света, мая дарагая пчолка. Мы разам складалі план актыўнасцяў, якія дапамагалі нам адбываць содні з карысцю. Там былі чытальніцкія і пісьменніцкія практыкі, размовы і ўзаемападтрымка. Мы нават займаліся ёгай – можа, таму нашыя целы менш цярпелі. Рабілі ёгу і на кафлі, і на пледах, з ручнікамі ды бутэлькамі замест гантэляў. Не зважаючы на тое, што ў ІЧУ вельмі моцна адчуваўся дэфіцыт чагосьці цёплага, хатняга, прыемнага, я ўсё роўна дзялілася ўсім, што ў мяне было. Ведаеце, лепш адразу раздаць усё дзяўчатам і некалькі хвілінаў прабавіць ва ўтульнай кампаніі задаволеных сябровак з камеры, чымся штодзень рабіць у адзіноце турэмнае спа.
Яшчэ адна прыемная рэч. У маёй перадачы была маленькая галінка лаванды. Гэта было як частка чагосьці жывога. Колер, пах… Яна нас вельмі цешыла, пакуль не звалілася ў суп. Тады яна ўжо не была такой яркай. Але мы пасмяяліся!
Не ведаю, як трываюць людзі, што сядзяць у адзіночцы. Бо, нягледзячы на розны ўзрост і досвед, мы былі разам і падтрымлівалі адна адну. Трымацца разам было найважнейшай справай!»