Ніна, якая шпацыруе са сцягам
Фотагісторыя пра Ніну Багінскую – сімвал беларускага пратэсту
Ніна, якая шпацыруе са сцягам



Фотагісторыя пра Ніну Багінскую – сімвал беларускага пратэсту
Яе затрымлівалі і адбіралі ў яе бел-чырвона-белыя сцягі, што яна шые. Яе судзілі і штрафавалі за грамадзянскую пазіцыю. Але яна працягвае выходзіць на вуліцу, з гонарам несучы свой сцяг, надаючы людзям надзею. 30 снежня 2020 года ўжо легендарнай Ніне Багінскай спаўняецца 74 гады. Фатографка Таня Капітонава шпацыравала з ёю ў Менску амаль пяць месяцаў і задакументавала, як невысокая і далікатная пенсіянерка сталася сімвалам масавых пратэстаў і прыкладам для ўсіх пакаленняў беларусаў.
Ніна Рыгораўна Багінская
Беларуская апазіцыйная актывістка. Бярэ ўдзел у пратэстах з 1988 года, а ў 2020-м зрабілася асабліва вядомаю пасля фразы «Я гуляю!», сказанай амапаўцам, калі тыя не хацелі прапусціць яе з бел-чырвона-белым сцягам. Праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і крытыку ўладаў Багінская неаднаразова атрымлівала штрафы.
Таня Капітонава
Незалежная фатографка і журналістка з Менску. З 2015 года стварае праекты на сацыяльныя тэмы, у тым ліку ў кааперацыі з беларускімі мастакамі і актывістамі. Супрацоўнічае з Getty Images, часопісам «Большой», 34mag, Citydog ды іншымі незалежнымі медыямі. Выстаўлялася ў Беларусі, Швейцарыі ды Польшчы.
– Я пачала фатаграфаваць Ніну пры канцы жніўня 2020 года ў часе самых масавых пратэстаў у гісторыі Беларусі. Добра памятаю 29 жніўня, калі ўпершыню дамовілася правесці з ёю цэлы дзень. Мы сустрэліся на плошчы Перамогі на жаночым маршы. Хвілінаў з пяць Ніна была ў атачэнні людзей, а пасля смела выйшла з сцягам на пустую праезную частку. Усе на імгненне заціхлі, а потым пачалі пляскаць у далоні. Колькі жанчын пайшлі следам за Багінскаю. Падышлі амапаўцы, але хутка адышлі, зразумеўшы, што яны – у меншасці, — распавадае Таня.

Я назірала за ўсім збоку і не наважылася падысці бліжэй. Спачатку здавалася, што заставацца побач небяспечна: Ніна прыцягвае шмат увагі. Але потым зразумела: быць побач – найбольш бяспечна. Багінская заўжды аточаная людзьмі, а сілавікі не затрымліваюць тых, хто ідзе побач. На жаль, сітуацыя хутка змянілася – пачалі затрымліваць нават за сэлфі з Нінай.
У жніўні Нінаю пачалі цікавіцца розныя медыі, а мінакі цвердзілі: сустрэць Багінскую на маршы – добры знак. «Мы толькі дзеля вас і выходзім», – сказаў адзін хлопец, убачыўшы Ніну ў Курапатах, і хутка ўключыў франтальную камеру.
Усе хацелі сфатаграфавацца з Багінскаю, і яна нікому не адмаўляла. Спачатку Ніна на секунду нерухомела і пазіравала, але з цягам часу, здаецца, спыніла звяртаць увагу на смартфоны і камеры. Проста ішла і казала пра тое, што ёй рупіць.
Найчасцей на маршах Ніна разважала пра свабоду, гонар і годнасць. Казала пра тое, што ў Беларусі мусяць адбыцца сумленныя выбары, вінаватыя за зверскія здзекі мусяць быць пакараныя, а палітычныя зняволеныя – вызваленыя з турмаў.
Яна з лёгкасцю распавядала пра сябе, аб працы геолагам і швачкаю, пра захапленне роваравым спортам і ёгаю, пра атрыманую ў юнацтве траўму і посттраўматычную эпілепсію. Апошняя – прычына амлеласцяў Багінскай. Так у пачатку гэтага лета Ніна ўпала на разагрэтую газавую пліту. У выніку прыйшлося ампутаваць частку сярэдняга пальца.
Аднойчы мы разам ездзілі да яе на лецішча. Я захаплялася, як асцярожна Ніна ставіцца да рэчаў і прадуктаў. Яна збірае і сушыць скрыпень, вырошчвае зеляніну і садавіну, а ўдома перароблівае старое адзенне і самая шые сцягі.

Багінская «запазычылася» дзяржаве амаль 16 тысяч долараў штрафаў. Ніна лічыць іх незаконнымі і кажа, што не збіраецца «фінансаваць» рэжым Лукашэнкі і ягоных сілавікоў. НГА ўжо неаднойчы прапаноўвалі ёй сваю дапамогу, але Багінская адмаўляецца. Яна кажа, што ёй стае.
Я не магу дазволіць сабе мяса, цукерак і бананаў, напрыклад. Ну і ладна, гэта шкодна для здароўя.
Мне здаецца, Ніна не адразу прызвычаілася да ўвагі і людзей, якія захапляюцца ёю і жадаюць выказаць сваю ўдзячнасць. Яна шмат разоў адмаўлялася ад падарункаў і кветак, ад прапановаў адвезці яе дадому аўтамабілем або таксоўкаю.
Толькі аднойчы я сустрэлася з негатывам у ейны бок. Суседкі з двара круцілі пальцам ля скроні, убачыўшы Багінскую. Эмоцыі астатніх беларусаў заўжды аднолькавыя:
Ніна Багінская – гэта захапленне, трымценне і выбух радасці.
BELSAT.EU
Фота і тэкст: Таня Капітонава
Фотарэдактарка: Юлія Шаблоўская
Рэдактарка: Анжэла Белуш




Belsat.PHOTODOC
– праект фотаслужбы «Белсату». У ім мы будзем знаёміць чытачоў і гледачоў з працамі дакументальных фатографаў і фотарэпарцёраў, якія цікавяцца беларускай праблематыкай.

Свае гісторыі і праекты вы можаце даслаць на адрас: belsat.photodoc@gmail.com
BELSAT.EU
Фота і тэкст: Таня Капітонава
Фотарэдактарка: Юлія Шаблоўская
Рэдактарка: Анжэла Белуш








Belsat.PHOTODOC
– новы праект фотаслужбы «Белсату». У ім мы будзем знаёміць чытачоў і гледачоў з працамі дакументальных фатографаў і фотарэпарцёраў, якія цікавяцца беларускай праблематыкай.

Свае гісторыі і праекты вы можаце даслаць на адрас: belsat.photodoc@gmail.com

© 2020