PROTEST NOT DEAD
праект пра неўміручы беларускі пратэст
PROTEST NOT DEAD
праект пра неўміручы беларускі пратэст
Увесь свет захапляўся прыгожымі мірнымі маршамі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў у Беларусі. Што з супрацівам зараз? Ці сапраўды пратэст зусім знік ва ўмовах, калі любое іншадумства трапляе пад каток жорсткіх рэпрэсіяў, пагрозаў і крымінальнага пераследу?
Увесь свет захапляўся прыгожымі мірнымі маршамі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў у Беларусі. Што з супрацівам зараз? Ці сапраўды пратэст зусім знік ва ўмовах, калі любое іншадумства трапляе пад каток жорсткіх рэпрэсіяў, пагрозаў і крымінальнага пераследу?
Не, настроі людзей не памяняліся. Каб захаваць сябе і выжыць пры рэжыме Лукашэнкі, людзі сталі надзвычайна асцярожныя, аднак яны надалей выказваюць салідарнасць адно з адным і выражаюць пратэст. У медыі дасюль прыходзяць здымкі з пратэставых двароў, якія рэагуюць на значныя падзеі і даты. Беларусы і беларускі разам і паасобку робяць дробныя дзеянні. Яны не такія масавыя і разнастайныя, як былі ў 2020 годзе, але вельмі істотныя ў сённяшніх умовах.
Цяпер у Беларусі ўголас заявіць пра свае перакананні – гэта значыць паставіць сябе і сваіх родных у вялізарную небяспеку. Таму мы, беларусы ў замежжы, маем зрабіцца галасамі тых землякоў, якія вымушаныя маўчаць, але не перапыняюць сваёй дзейнасці.
Гісторыі беларускай салідарнасці
У горадзе, дзе стаяць расейскія войскі, людзі ходзяць у лес па грыбы з улёткамі. Яны развешваюць на дрэвах і кустах паперчыны з заклікам «русский солдат, иди домой». На сёння такі чын – адзіная магчымасць жыхароў гораду выразіць сваю нязгоду з сітуацыяй у краіне. Нават такі пратэст рызыкоўны, хаця магчымасць адсачыць, хто ходзіць у лес, малаімаверная, як і тое, што расейскія салдаты пабачаць гэтыя ўлёткі. Але людзі працягваюць так выказваць сваю пазіцыю.

Жыхары некалькіх гарадоў распавялі, што людзі «губляюць» бел-чырвона-белыя рэчы. Гэта могуць быць насоўкі, бірулькі, невялікія аркушы паперы. Таксама ў ролі «згубленых» часцяком выступаюць белыя тапкі з чырвонаю палоскай як адсылка да вобразу таракана і тапка, які прасоўваў цяперашні палітвязень Сяргей Ціханоўскі. Так яны паказваюць адно адному сваю салідарнасць, свае настроі.
У адным з гарадоў працягваюць пісаць на сценах. Адна з дваровых суполак мае ў складзе гаспадара СТА, які дае балончыкі з фарбаю мужным суседзям. Надпісы скараціліся да дзвюх літараў – «НЕ», але ўсе разумеюць, што гэта пратэставы заклік.
Дваровыя супольнасці працягваюць дасылаць у медыі фота з беларускімі сцягамі ды рэакцыяй на істотныя падзеі, падтрымліваць Украіну, выказваць сваё абурэнне вялікімі тэрмінамі палітычным вязням... На здымках не відаць твараў, удзельнікі акцыяў хаваюцца за сцягамі, каб сілавікі іх не знайшлі. Такую акцыю зарганізаваць складана: трэба прадумваць збор і здымкі дэталёва ды загадзя. Так, гэта ўжо не сотні здымкаў за дзень, як было ў 2020-м, але яны ўсё адно зрэдку з'яўляюцца ў стужках навінавых выданняў.

У дваравых суполках дасюль разам пішуць лісты палітычным вязням. Улічваючы, што цяпер нават такое падтрыманне рэпрэсаваных уяўляе пэўную пагрозу, удзельніцы адной з групаў пішуць у якасці адваротнага адрасу абаненцкую скрыню, зарэгістраваную на чалавека, які выехаў з краіны. Адказаў яны атрымалі ўсяго два за год, але ўсё адно настойліва працягваюць сваю справу, робяць паштоўкі тым, у каго народзіны, дасылаюць здымкі гораду і прыроды.
Адна з жыхарак раённага гораду выгульвае сабачку, а потым сабраныя па ім «вынікі» выгульвання падкладае пад веснічкі суседа – мясцовага следчага, які пераследуе актывістаў. Жанчына прыдумала, што будзе выказаваць сваё стаўленне да суседа і сістэмы агулам менавіта такім чынам: «Я ўжо старая хадзіць на пратэсты ці рабіць нешта такое, але хай чалавек ведае, што да яго ставяцца паводле справаў ягоных. І ўсе пра ягоныя справы ведаюць і памятаюць».
Менскі таксовец двойчы на тыдзень возіць бясплатна сваякоў затрыманых з палітычных матываў у Жодзіна, дзе людзі чакаюць прысуду: «Цяпер салідарнасць у Беларусі – самае каштоўнае, што ў нас ёсць, і нават такім дробным паводле сусветных мерак учынкам я намагаюся палегчыць цяжар рэпрэсаваных».
Мастачка з Менску адкрыла для сябе новую праяву самавыражэння на сценах гораду ў 2020-м. Цяпер вялікія выявы зрабіць немагчыма, але яна ўсё адно плануе, што намалюе ў сваім раёне і горадзе, калі рэпрэсіі спыняцца. Прызнаецца, што працаваць над эскізамі – нібыта набліжаць дзень перамогі кожную секунду: «Я кладу аркушы ў шуфляду, але ў патрэбны момант дастану іх, раздам калегам – і сцены перастануць быць шэрымі, з сантыметрамі фарбы, пад якой работнікі ЖКГ хаваюць нашыя ранейшыя выказванні пратэсту і салідарнасці».

Беларусы збіраюць харчы ды рэчы сваякам асуджаных праз асабістыя кантакты, ініцыятыву «IneedHelpBy» і іншым чынам. «Цяпер сваякі тых, хто за кратамі, перажываюць неймаверны ціск і стрэс. Добра, што хоць некаторым не выпадае хвалявацца, што паесці, праз нашую дапамогу», – распавяла адна з удзельніц.
«Вядома, мы не робім дваровых маршаў, не збіраемся піць гарбату ў двары. Але калі вы пойдзеце пагуляць паміж дамамі ці ў парк, то дзе-нідзе пабачыце нашыя стужкі, трафарэты і надпісы. Натуральна, іх няшмат, мы ўсведамляем рызыку, але перастаць нешта такое рабіць цяжэй, чымся рабіць».
Галасы беларусаў
Мы збіраем грошы на палітвязняў. Размеркавалі сярод актыўных супольнікаў сем'і, збіраем ім грошы, набываем перадачы. Некаторыя працягваюць пісаць лісты. Наколькі я ведаю, ніхто ўжо не атрымлівае адказаў. Але гэта ўсё адно істотна».
«Страшна?.. Не ведаю. Камусьці страшна – і гэта нармальна. У мяне проста не засталося сілаў баяцца. Мне брыдка баяцца. Мы сталі вельмі асцярожныя, але ўсё адно, калі яны захочуць, то схопяць і знойдуць, за што пасадзіць на гадоў 10. А мне дык наматаюць сотку паводле іхных прыдуркаватых законаў [смяецца]. Затое якія гісторыі мы потым распавядзём нашым нашчадкам!

У мяне няма сумневу, што мы пераможам. Думаю, не сёлета, але ўжо хутка. Так, нашыя дзеянні – гэта дробязь. Але ж мы не адныя, і кожная такая дробязь можа стаць вызначальнай і апошняй для рэжыму».
«У нас СТА шмат у раёне, там свае хлопцы. Мы бяром у іх балончыкі і малюем трафарэты супраць вайны ці проста пішам «Не». Нават не «Не вайне», бо гэта доўга, за гэта можна трапіць у турму, у экстрэмісты, тэрарысты... Якія там яшчэ спісы ёсць. Але ж усе разумеюць, што гэта за «Не».

Аднойчы, памятаю, ішла паўз сцяну жанчына, пабачыла нашае чырвонае «Не», стала і доўга глядзела. Не ведаю, што там у яе былі за думкі, але гэта ж так істотна, каб людзі думалі, крытычна да ўсяго ставіліся, шукалі свой нутраны маральны компас».
«Слухайце, а што нам застаецца? Прызнаць паразу? Ну не. Вядома, хацелася б рабіць больш. Хацелася б на поўныя грудзі крычаць «Жыве Беларусь!» і ў адказ чуць «Жыве вечна!». Я веру, што гэты час прыйдзе. Кожны яго прыспяшае як можа. Мы вось так яго прыспяшаем».