ШТО ВЯДОМА ПРА МАЛОДШАГА ЛУКАШЭНКУ?

«КОЛЯ, КОЛЕНЬКА, МІКАЛАЙ»

31 жніўня малодшаму сыну Аляксандра Лукашэнкі споўнілася 15 гадоў. Мікалай – трэці сын кіраўніка Беларусі. Ён паціскаў руку двум Папам Рымскім, нябожчыку Уга Чавэсу і дзясяткам уплывовых палітыкаў. Уладзімір Пуцін назваў яго «божым дарам». Хлопец паўсюль суправаджае свайго бацьку і нават пабываў на паседжанні Генеральнай Асамблеі ААН. Гэта ўжо нікога не здзіўляе, ні ў Беларусі, ні ў свеце. Што мы ведаем пра гэтага хлопчыка?
Суботнікаў у жыцці Колі будзе яшчэ шмат. А гэта першае ягонае фота з бацькам, якое з'явілася ў навінах у красавіку 2008 г. Фота: president.gov.by
Упершыню Мікалай Лукашэнка з'явіўся на публіцы ўвесну 2008 г. – кіраўнік Беларусі прыйшоў з ім на рэспубліканскі суботнік, а пасля ў Лядовы палац на хакейны матч прэзідэнцкай каманды. Праз тыдзень той жа хлопчык прыехаў з Аляксандрам Лукашэнкам на Гомельшчыну, дзе кіраўнік Беларусі паведаміў мясцовым сялянам пра вырашанае пытанне з пераемнікам.

Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем на выбарчым участку (парламенцкія выбары), Менск, 2008 г. Фота: belarus.by
«Я ўжо сказаў: малодшы сын будзе прэзідэнтам»
Аляксандр Лукашэнка, 2008 г.
Тады ніхто яшчэ не ведаў, што маленькі хлопчык побач і ёсць той самы малодшы сын. 3 ліпеня 2008 г. 4-гадовы Коля, якому кіраўнік Беларусі «хацеў перадаць» уладу, прымаў парад з нагоды Дня Незалежнасці ў Менску, стоячы побач з бацькам.
У той жа дзень «Комсомольская правда» апублікавала інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам, у якім ён прызнаецца, што таямнічы хлопчык – ягоны сын.
«Дзесьці я прачытаў, што такі ўдалы піяр Лукашэнку атачэнне падказала – бацька клапаціцца пра малодшага сына... А ўсё банальна – сын, вобразна кажучы, мой хвост. Проста не можа застацца ні з кім! (Смяецца.) Ні з кім, разумееце! Кажа: тата, я з табой і ўсё! Асабліва калі сталець пачаў. Хутка ўжо чатыры гады. Такі цямлівы хлопец! Я ў верталёт – і ён! Ну, мужык расце! Няма тут ніякага піяру, які тут піяр! Мне, вядома, ён нагрузкі дадае. Таму што ні апранаць, ні карміць яго ніхто не зможа – толькі я. [...] Праўда, апазіцыя вылічвае – колькі ж я яшчэ буду ва ўладзе, калі малодшы сын мяне зменіць? Ад такіх разлікаў яе [апазіцыю. – Заўв. Belsat.eu] у дрыжыкі кідае», – сказаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка, 2008 г.
Коля з бацькам на аўдыенцыі ў Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI, Ватыкан, 27 красавіка 2009 г. Малодшы Лукашэнка падарыў пантыфіку буквар
Пасля параду ў 2008-м Лукашэнка-малодшы не сыходзіць з экранаў дзяржаўных тэлеканалаў і рэгулярна суправаджае свайго бацьку ў замежных ваяжах.
Зноў Ватыкан. Але гэта ўжо іншы Папа – Францішак
Аляксандр Лукашэнка з сынам на прыёме экс-прэзідэнта ЗША Барака Абамы і ягонай жонкі Мішэл. Прыём быў зарганізаваны ў гонар кіраўнікоў дэлегацыяў на 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка з Мікалаем і прэзідэнтам Таджыкістану Эмамалі Рахмонам у традыцыйных таджыкскіх чапанах
Спачатку гэта называлі дзікунствам. Але з часам Коленька стаў неад'емнаю часткаю вобразу Лукашэнкі.
З 2008-га ён быў амаль на кожным парадзе.
«Аляксандра Лукашэнку больш не называюць Бацька. Гэта ўжо састарэлы зварот. Цяпер ён – Тата. Тата Колі», – так Павел Шарамет пачынаў свой артыкул «Маленькі прынц», апублікаваны ў 2009 годзе ў расейскім выданні kommersant.ru.
Дзмітрый Мядзведзеў (тады прэзідэнт РФ) падарыў Мікалаю «залаты пісталет». Гэта адбылося падчас вайсковых вучэнняў «Захад-2009»
У 2008 годзе Лукашэнка сказаў, што маці Колі – доктарка. Да сённяшняга дня гэта адзінае, што ён сказаў пра яе. Паводле неафіцыйнай версіі, малодшага сына кіраўніку Беларусі нарадзіла Ірына Абельская – асабістая лекарка Лукашэнкі.
Ірына Абельская ў сваім кабінеце. Фота: TUT.BY
«У першыя гады кіравання Лукашэнкі з ёй можна было перакінуцца некалькімі словамі ў кулуарах падчас шматгадзінных нарадаў Лукашэнкі. Яна пакідае добрае ўражанне. У адрозненне ад кіроўнай беларускай эліты Ірына родам не з вёскі, а з памежнага Берасця, і гэта шмат тлумачыць».
Павел Шарамет згадвае Ірыну Абельскую ў сваім артыкуле «Маленькі прынц» для kommersant.ru
Коля і прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес
У гэтым жа артыкуле Шарамет напісаў пра чуткі, што Абельская нібыта спрабавала ў цэнтральным ЗАГСе Менску запісаць у пасведчанне аб нараджэнні сына, што ягоны бацька – Аляксандр Лукашэнка. Але ёй нібыта не дазволілі гэтага зрабіць.
«Мама працуе лекарам. Гэта не сакрэт. Што тут хаваць? Гэта ж ад Госпада Бога! Як можна пра маці або пра дзяцей казаць, што гэта чужое, гэта не маё? [Афіцыйна Аляксандр Лукашэнка жанаты з Галінаю Лукашэнкай, яна нарадзіла яму двух сыноў: Віктара і Дзмітрыя. – Заўв. Belsat.eu] Гэта злачынства перад Богам. Я прыязджаў з сынам да Уладзіміра Уладзіміравіча, Пуцін мне сказаў: ой, Аляксандр Рыгоравіч, гэта ж Божы дар! Дзеці, кажа, – гэта святое! А для мяне – тым больш».
Лукашэнка ў інтэрв'ю «Комсомольской правде», 3 ліпеня 2008 г.
За год да першага з'яўлення Колі на публіцы Ірыну Абельскую нібыта звольнілі з Рэспубліканскай больніцы Упраўлення справамі прэзідэнта, і пасля гэтага яна працяглы час не магла знайсці працу. У 2016-м Абельская дала інтэрвʼю TUT.BY. У матэрыяле ёсць ейная біяграфія, дзе пазначана, што з 2001 г. яна займае пасаду галоўнай доктаркі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру Упраўлення справамі прэзідэнта. З таго часу нічога не змянілася.
Коля Лукашэнка і Дзмітрый Абельскі (сын Ірыны Абельскай) на матчы зборнай Беларусі і Швейцарыі на турніры па пляжным футболе ў межах II Еўрапейскіх гульняў. Фота – kp.by/Святаслаў ЗОРКІ. 26 чэрвеня 2019 г.
У размове з TUT.BY Абельская пераважна распавядала пра сваю працу, адзначыўшы, што ейны старэйшы сын стаў доктарам. А на пытанне карэспандэнта, ці хацела б яна, каб і малодшы сын пайшоў па ейных слядах, Ірына адказала: «Я не задумваюся пра гэта. Я б проста хацела, каб ён атрымаў добрую адукацыю, выбраў цікавую прафесію, любіў сваю працу, атрымліваў ад яе задавальненне і прыносіў карысць і радасць іншым».
У 2016-м Мікалай Лукашэнка даў першае і адзінае відэаінтэрв'ю. З яго беларусы даведаліся, што ў Колі ёсць руды персідскі кот, а прэзідэнтам ён быць не хоча.
«Мяне многія пра гэта пытаюцца. Калі шчыра, я, напэўна, не вельмі б хацеў стаць прэзідэнтам. Вельмі складанае жыццё тады будзе, не ўпэўнены, што я гатовы да такога. Можа, стаў бы лекарам, разглядаў бы і ваенную кар'еру. Яшчэ не паспеў вызначыцца, яшчэ ёсць час».
Коля Лукашэнка
Таксама Коля распавёў, што любіць геаграфію, грае ў школьным тэатры і на фартэпіяна. Паводле Колі, ён граў разам з Уладзімірам Пуціным. Коля ведае прынамсі адну замежную мову – кітайскую. У 2018 годзе амбасадар Беларусі ў КНР апублікаваў відэадоказ гэтага факту.
У чэрвені 2018-га малодшы сын кіраўніка Беларусі трапіў у ТОП-10 «Weibo» (кітайскі аналаг «Twitter»). Кітайскія дзяўчаты мяркуюць, што сын Лукашэнкі – прыгажун.
«Тата рэдка ходзіць на мае канцэрты, звычайна я для яго дома граю».
Коля Лукашэнка
Імаверна, Коля карыстаецца камп'ютарам бацькі ў ягоным кабінеце. А сам Лукашэнка да яго «нават не падыходзіць». Дарэчы, у сацыяльных сетках Колі няма. Увогуле.
Коля глядзіць на смартфон падчас цырымоніі адкрыцця Чэмпіянату свету па футболе ў Маскве. 14 чэрвеня 2018 г.
Спорт Коля любіць. З дзяцінства.
Лукашэнка-малодшы гуляе ў хакей за «Грыфонаў». Ягоная каманда часта перамагае. А на турніры «Алімпійскія надзеі» Мікалай Лукашэнка стаў найлепшым бамбардзірам.
Са справаздачаў БелТА ды іншых дзяржаўных рэсурсаў вынікае, што Коля займаецца дабрачыннасцю. Час ад часу з'яўляецца інфармацыя, што ён прывозіць ці то жывёлінку, ці то гародніну з прэзідэнцкага агароду ў нейкі дзіцячы дом.
Фота: «БелТА»
Усё. Астатняе Коля распавядзе сам, калі яму споўніцца 18 або калі бацька дазволіць.