«Лес – гэта ж не горад, тут усё відаць», – вядзе нас па лясной сцежцы Мікалай, які ўжо 26 гадоў жыве ў глыбіні Белавежскай пушчы. Навуковец вучыць нас адрозніваць сляды ваўка, сабакі і касулі. |
Праязджаем далей: леснікі паляць галлё і пянькі дрэваў. Гэтак яны змагаюцца з караедам. «Во зараз як дарогу пракладуць, дык і ніякай ужо прыроды не застанецца», – па-простаму каментуюць мясцовыя мужчыны будоўлю побач. |
Па знаках мы трапляем на лагер, дзе відавочна яшчэ зусім нядаўна жылі людзі: матрац акуратна завернуты і схаваны пад цэлафан, на стале стаіць недаедзены адкрыты салат, а ў пакеце на дрэве вісіць сырая бульба. «Гэта ўкраінцы прыходзяць збіраць ягады і грыбы, жывуць у такіх лагерах некалькі дзён і пакідаюць за сабой смецце», – тлумачаць нам мясцовыя. Гэтак жа кажуць і ў Рубрынскім лясніцтве Мілашавіцкага лясгасу. |
«Ужо с начала апрэля, значыць, прыходзім і смотрым: лецяць. Еслі воны там работаюць, то хай работаюць. Колі не – то мы там чысцім, гніллё выкідаем». Самы вядомы бортнік у вёсцы – наш дзед Іван. Ён з радасцю вядзе нас на задні двор паказваць свае калоды. Зблізку яны выглядаюць як вялікія сасновыя пні, абабітыя бляхаю. Гэта абарона вулляў ад жаўны і куніцы. Іван Рыгоравіч мае каля 50 борцяў у лесе, яшчэ некалькі стаяць каля хаты. Звычайна сезон пачынаецца напрыканцы красавіка і цягнецца да кастрычніка. |