Няродны кут
Двайное жыццё Паўла Латушкі
Няродны кут
Двайное жыццё Паўла Латушкі
Мінула 150 дзён, як Павел Латушка зʼехаў у Польшчу. Некалькі месяцаў мы размаўлялі з ім пра асабістае, працу ў сістэме і, натуральна, пра адчуванне Беларусі за мяжою.
Мінула 150 дзён, як Павел Латушка зʼехаў у Польшчу. Некалькі месяцаў мы размаўлялі з ім пра асабістае, працу ў сістэме і, натуральна, пра адчуванне Беларусі за мяжою.
«Вы што, будзеце пра гэта пісаць?» Пытаю, як Павел Латушка правёў дзень у хваробе: мы сядзім у вечаровым лобі гатэлю, вакол пустуюць дзіўна няветлівыя крэслы, на фоне грае «Paroles, paroles», толькі без голасу Алена Дэлёна, а шкада.
Раніцаю, калі ў сонным яшчэ офісе ў цэнтры Варшавы паспешліва даядалі печыва ў чаканні, калі ўсё заварушыцца, стала вядома, што спадар Павел захварэў, таму дачакацца не давядзецца. План на дзень быў складзены шчыльны: стратэгія Народнага ўльтыматуму, Дэкларацыя аб развіцці эканомікі Беларусі, перамовы з брытанскімі дэпутатамі, «Zoom»-сустрэчы, канферэнц-колы ды інтэрвʼю. Офіс гэтым разам размясціўся ў гатэлі.
«Вы што, будзеце пра гэта пісаць?» Пытаю, як Павел Латушка правёў дзень у хваробе: мы сядзім у вечаровым лобі гатэлю, вакол пустуюць дзіўна няветлівыя крэслы, на фоне грае «Paroles, paroles», толькі без голасу Алена Дэлёна, а шкада.

Раніцаю, калі ў сонным яшчэ офісе ў цэнтры Варшавы паспешліва даядалі печыва ў чаканні, калі ўсё заварушыцца, стала вядома, што спадар Павел захварэў, таму дачакацца не давядзецца. План на дзень быў складзены шчыльны: стратэгія Народнага ўльтыматуму, Дэкларацыя аб развіцці эканомікі Беларусі, перамовы з брытанскімі дэпутатамі, «Zoom»-сустрэчы, канферэнц-колы ды інтэрвʼю. Офіс гэтым разам размясціўся ў гатэлі.

Хтосьці можа мне не паверыць, але ў мяне не бывае выходных з моманту, калі я выступіў супраць гвалту перад Купалаўскім тэатрам. У мяне няма прыватнага жыцця, я сплю па чатыры-пяць гадзінаў і адчуваю дакоры сумлення, калі паўгадзіны аддаю не той справе, якой прысвяціў цяпер жыццё.
Адзін «Zoom» за гэты час ён усё ж прагуляў. «Думаў прагуляць яшчэ адзін, але не далі».

У гэтым гатэлі Павел Латушка пачаў спыняцца яшчэ амбасадарам Беларусі ў Польшчы, яму тут «неяк так спадабалася», што нічога новага пасля рэлакацыі прыдумляць не давялося. Пасля ён пераехаў у «невялікую, але даволі ўтульную» кватэру: забраў сюды маці, якая пасля раптоўнага адʼезду з Беларусі разам з унучкаю жыла ў Беластоку, і ўвянчаў працоўнае месца падораным дачкою калажам з фота нядзельных маршаў у Менску. Калаж часам бачны ў відэаінтэрвʼю.
Усё памянялася імкліва. Некалькі месяцаў таму гэта быў чалавек сістэмы, які кожны дзень вяртаўся ў свой дом у Ждановічах: прэс-сакратар МЗС, самы малады пасол Беларусі, міністр культуры, амбасадар у Францыі, дырэктар Купалаўскага тэатру. Цяпер ён супраць рэжыму, «выкармлены Лукашэнкам Лахушка, ці як яго там, што не адно дзесяцігоддзе рохкаў ля карыта і прыслужваў «дыктатару» з тухляцінаю ды гніллём унутры». Пазбаўлены дыпламатычнага рангу да таго ж.
Я ўвогуле не рэагую на выказванні гэтага чалавека, яны настолькі дзіўныя. Хто абзываецца, той сам так і называецца. Мая маці сказала, што гатовая запісаць відэазварот, дзе раскажа, хто мяне насамрэч выкарміў. Стыль, які ён штодня дэманструе, – гэта жах і сорам. У нейкім сэнсе гэта быў і наш узровень, бо мы ж з ім пагаджаліся, але ўсё змянілася.
Ён не разумее, навошта, але ўсё ж расказвае мне пра свой дзень, манатонна пералічвае падзеі і думае, здаецца, што мы гаворым пра нейкую лухту, а мусім – пра важнае, манументальнае, лёсавызначальнае. Размовы ён так ці інакш пераводзіць на гэтыя ступені. Злачынствы, расследаванні, санкцыі, РЭЖЫМ, ПРА-ВА-ВЫ ДЭ-ФОЛТ. У словах стала шмат «гэтага чалавека» Лукашэнкі: раней ён дазволіць сабе такога не мог, і мала хто мог. «Прабачце, што апярэджваю вашае пытанне: мы цяпер працуем у двух асноўных кірунках…» Маё пытанне было іншым.

«Я ніколі не аддаваў голасу за Лукашэнку, у 1994 годзе галасаваў за Шушкевіча. Але я не аднойчы размаўляў з гэтым чалавекам і нават атрымліваў ад яго персанальныя пагрозы. Я разумеў, якая сістэма пабудаваная ў нашай краіне, што ў нас катуюць ды забіваюць людзей, што гэта можа здарыцца і са мною. Пасля выступу ля тэатру я атрымаў процьму паведамленняў і званкоў. Аднойчы раздаўся званок, мне сказалі:
Майце на ўвазе, што цяпер вы на дзяржаўным забеспячэнні 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень. Проста прапанова: нічога больш не кажыце адносна персанальна яго.
Вось такія словы былі сказаныя. Пазней таксама былі размовы, мяне запрашалі прагуляцца, пагражалі і прапаноўвалі спыніцца. Я сказаў, што чым больш яны на мяне ціснуць, тым больш у мяне жадання рабіць тое, што я раблю.
Напрыканцы 1980-х і ў пачатку 1990-х Павел Латушка хадзіў на мітынгі, падчас Жнівеньскага путчу з першаю жонкаю быў на плошчы Незалежнасці, там жа – калі прымалася Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. «Калі прымаўся закон «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь», у чаканні вынікаў галасавання я стаў каля радыёкропкі на калені, бо лічыў, што аднаўляецца гістарычная справядлівасць». У 1995-м ён з сябрам хадзіў на пратэсты супраць Лукашэнкі: «Памятаю, як мы, два працаўнікі Міністэрства замежных справаў, беглі ад міліцыі, ён згубіў пантофель, а я крычаў: «Кідай ты гэты пантофель, інакш нас дагоняць і пабʼюць!» Нам удалося ўцячы, пазней мы былі ў калоне на праспекце, і, што цікава, бачылі шмат работнікаў МЗС: мы віталіся кіўком галавы, але ўголас не прызнаваліся, што ведаем адно аднаго, бо разумелі, што рызыка страціць пасаду існуе».

У 2010-м Павел Латушка чакаў пераменаў: «Тады была нейкая надзея, што мы пойдзем шляхам рэформаў, што ў нашай краіне можна штосьці змяніць. Гэта была ілюзія, я падмануўся, мушу гэта прызнаць. Пазней мы пабачылі, што адбылося на Плошчы, што гэта была загадзя спланаваная правакацыя. Мой брат і пляменнік там былі. Мая дачка Яна ехала з танцаў праз Нямігу, дзе быў затрыманы аўтобус з нібыта падрыхтаванаю дэманстрантамі арматурай. Я пазваніў ёй: «Яна, хутка дадому, цябе могуць затрымаць!» А яна: «Я ж нічога дрэннага не раблю». Цяпер мы бачым, як лёгка ў турму можна трапіць за «Я гуляю». У выніку надзея была пахаваная, і чарговы раз стала ясна, што дамоўленасці ды меркаванне грамадства для Лукашэнкі не маюць ніякага значэння, а дзеіць ён толькі ў інтарэсах захавання ўлады. У 2015-м ужо здавалася, што гэта наш крыж і мы павінны яго несці. Усе думалі: чым хутчэй выбары скончацца, тым лепш».
У варшаўскай кавярні гатуюць добрую каву
«А як я павінен сябе паводзіць?» – смяецца, развальваецца на канапе ды імітуе, быццам паліць цыгару. Запытала ягоную дачку Яну, ці іншы Павел Латушка ў хатнім атачэнні. «Не», – адказвае. Ці змяніўся ён за апошнія месяцы? Таксама не. Да палітыка на некалькі дзён прыехала дачка. Учора ён сарваўся з офісу, каб дапамагчы ёй выбраць плашч: кошт падзялілі пяцьдзясят на пяцьдзясят.
Першае інтэрвʼю з Паўлам Латушкам я зрабіла ў 2019-м як з новым дырэктарам Купалаўскага тэатру. Прэс-служба папрасіла папярэдне даслаць пытанні. Ён дыпламатычна прыйшоў на сустрэчу з дыпламатычна раздрукаваным спісам з дыпламатычнымі пазнакамі на ім і дыпламатычна сеў на дыпламатычнае крэсла. «Як справы на новым месцы?» – пачынаю размову. «Гэта ўжо інтэрвʼю? Гэтага пытання не было ў спісе», – у адказ.

Цяпер мы снедаем ва ўтульнай і пустой зале, а сустрэча ўсё роўна атрымліваецца палітычная. ПРА-ВА-ВЫ ДЭ-ФОЛТ. Нават з дачкой ён размаўляе пераважна пра палітыку, яны спрачаюцца, яна дапамагае бацьку прыдумаць назву для новай структуры (ёю стала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне).
Стрыжань маёй грамадзянскай пазіцыі сфармаваўся ў сям'і. Я стаў беларускамоўным прэс-сакратаром Міністэрства замежных справаў і прынцыпова гэта адстойваў, хаця адчуваў значны ціск з боку адміністрацыі прэзідэнта. Мы спрачаліся наконт маёй працы з братам, але я не лічыў сябе часткаю сістэмы. Гэта было цяжка, супярэчліва, неадназначна, бывалі ўсплёскі і больш ціхія сітуацыі, але кошкі на душы скрэбліся практычна заўсёды. Я падаваў у адстаўку з пасады прэс-сакратара і двойчы – з пасады міністра культуры. Але я разумею адказнасць за тое, што працаваў у гэтай сістэме, і публічна папрасіў за гэта прабачэння.
Ля канапы стаіць сумка для дакументаў, з якою Павел Латушка спешна з'ехаў з Беларусі: у яго былі толькі гэтая сумка і тэлефон без SIM-карты. Дачцэ пазваніў знаёмы і сказаў чакаць сюрпрызу, яна адразу падумала пра бацьку ды стала спадзявацца, што сюрпрызам будзе ягоны прыезд. Ён і прыехаў: публічна сказаў, што дзеля эканамічнага форуму, але ўсе ўсё зразумелі. Яна ганарыцца бацькам і баіцца за яго, хоць баіцца ўжо не так, як калі ён быў у Беларусі.
У момант, калі я выказаўся супраць сістэмы, канечне, былі перажыванні, але назваць гэта страхам няправільна. У мяне з 1994 года назапашваўся крытычны досвед: ён не ўвасабляўся ў актыўнай пратэставай пазіцыі, але я думаў, што магу зрабіць нешта добрае для краіны. Гэта быў самападман, мы падманвалі іншых і самых сябе. Выбух адбыўся, калі я ўбачыў здымкі і відэа тых, хто выйшаў з Акрэсціна, на эмоцыях я вырашыў, што не магу стаяць убаку, і тады атрымаўся гэты выступ ля Купалаўскага. Я ўсведамляў, што такім чынам раблю выклік сістэме.
Некалькі чалавек з дзяржаўнага апарату падзяліліся з Паўлам Латушкам, што наважыліся на такі ж крок, паглядзеўшы на ягоны прыклад. «Калегам-дыпламатам, якія засталіся, я сказаў: «Вы будзеце баяцца свайго ценю». Яны ўжо баяцца, не здымаюць трубкі, калі тэлефануюць сябры, я бачу, як яны размаўляюць. Шмат людзей мне перадавала: «Прыходзіў афіцэр КДБ і пытаў, ці падтрымліваю я стасункі з Латушкам». Я кажу: «І вы хочаце так жыць – баяцца быць звольненым за позірк не ў той бок?».

Я часта думаю, як ставіцца да людзей, якія засталіся ў сістэме. Таксама як я магу паставіцца да сябе пяць ці дзесяць гадоў таму. Чаму я тады не зрабіў свайго выбару? Хаця, калі шчыра, не ведаю, якія аргументы можна знайсці сёння на карысць таго, каб застацца. З намі кантактуе шмат дзяржаўных чыноўнікаў, якія стараюцца ўсядзець на двух крэслах. Не кожны гатовы зрабіць вырашальны крок, бо на гэта сапраўды патрэбны высілак. Я зрабіў яго і страціў шмат з таго, што мне было важна. Я не жыву ў сваім доме, не маю заробку, пазбаўлены дыпламатычнага рангу. Не тое, каб я шкадаваў пра ранг, але лічу гэтае рашэнне несумленным. Хаця якой сумленнасці можна чакаць ад уладаў Беларусі», – сцінае вусны.
«Хто вашы самыя блізкія людзі?» – «Дачка, маці, сябры, якіх засталося, можа, не шмат». – «Перажываеце, што некаторыя ў гэты час не адгукнуліся?» – «Гэта іхны выбар, я стаўлюся да яго з разуменнем і не буду нікога асуджаць, але гэта трошкі забалела. Я мог разлічваць хоць бы на sms». – «А калі яны з'явяцца і паспрабуюць вам нешта патлумачыць?» – «Я выслухаю, але мне ўжо будзе складана ўспрымаць нашыя адносіны як сяброўскія».
Маці Паўла Латушкі давялося сабрацца за дзве гадзіны, каб тэрмінова з'ехаць з краіны. «Яна было ў шоку. Уяўляеце, як гэта чалавеку ў 72 гады ўскочыць у аўтамабіль і паляцець невядома куды? Але ні словам, ні паўсловам маці мяне ніколі не папракала, яна падтрымлівала і майго бацьку, які меў дакладную пазіцыю ў дачыненні сітуацыі ў краіне. Пару разоў, можа быць, яна сказала, маўляў, можа не варта выступаць, ну, як мамы кажуць, але ў цэлым яна заўсёды выступае маім саюзнікам, глядзіць у «YouTube» мае інтэрвʼю, аналізуе іх і кожны дзень пытае, калі ж гэта скончыцца. А ў тым, што яно скончыцца і ўсе вінаватыя адкажуць за свае ўчынкі, яна перакананая на мільён працэнтаў».
Цяпер спадарыні Валянціне крыху сумна: родныя засталіся ў Беларусі, пагаварыць з імі можна хіба праз тэлефон, а сацыяльнае жыццё абмежаванае каронавірусам дый хадзіць ужо цяжка. Таму яна чакае сына ўдома і вяжа бел-чырвона-белыя шкарпэткі.

«Мне кажуць: «Вам за мяжою лепш». Ад гэтых словаў становіцца балюча, людзі ведаюць, куды біць. Вядома, у найбольшай небяспецы – тыя, хто ў Беларусі, але, думаю, кожны разумны чалавек разумее, што, калі да тых лідараў грамадскага руху, якія ўжо сядзяць у турмах, далучымся мы, мы больш ніяк не зможам дапамагчы пратэсту. Вельмі проста быць затрыманым на мяжы ды трапіць у СІЗА КДБ, а я хачу стварыць магчымасць вярнуцца для ўсіх. І сам хачу вярнуцца як мага хутчэй. Дачка часта пытае, калі мы паедзем дадому. Я кожны раз прызначаю тэрмін, і, што цікава, кожны раз у гэты дзень адбываецца штосьці незвычайнае».

Ключ да перамогі
«Прабачце, я ўжо не дыпламат, а палітык». У неабжытым офісе пустуюць сцены, на працоўным стале Паўла Латушкі ляжаць нататнік «Нясвіж» і ювелірна раскладзеныя надзённыя паперы – паводле важнасці, на вешалцы вісяць швэдры ды пінжакі, якія мяняюцца паміж інтэрвʼю, у куце стаіць бела-чырвона-белы сцяг. Перад чарговым «зумам» усталёўваецца тэхніка, ноўтбук для правільнага ракурсу стаіць на пустой скрынцы ад нейкай тэхнікі. «Гэта будзе магутна», – чуюцца ўрыўкі з размовы.
Улада зрабіла мяне палітыкам, яна сказала мне: «Ідзі», і я пайшоў. Не буду выключаць: раней я думаў, што буду ў палітыцы. Я бачыў, як працуюць палітычныя сістэмы ў розных краінах свету, і гэта было мне цікава: розныя меркаванні, хлусня, інтрыгі, але рух. Я не маляваў сабе ідэальных сцэнароў, бо ведаў рэчаіснасць Беларусі, меў прыклад нашых палітыкаў, якія цярпелі за тое, што выказвалі свае думкі, разумеў, што ў нас гэта мае быць барацьба без правілаў. Можа, таму і пайшоў у палітыку так позна.
З асабістых пытанняў мы зноў ссоўваемся на размову пра рэжым і план дзеянняў апазіцыі. «З усіх інтэрвʼю я заўсёды выкрэсліваў ці прынамсі мінімізаваў займеннік «я». «Я» – апошняя літара алфавіту». Тады гэта становіцца амаль што маналогам і ўжо не тым, дзе дыпламатычнасць узважвае кожнае слова. Зборышча, дзікунства, канцэнтрацыйны лагер, хопіць гэтых баек, смеху варта. «Я што, магу быць абыякавым? – грыміць. – Не ма-гу!» З памяці выклікаюцца чужыя цытаты: Лукашэнка сказаў тое, калега сказаў сёе, і з імі пачынаецца дыскусія, ён іранізуе над навінамі, закочвае вочы ды адным словам нячутна іх каментуе. А канструкцыі «Павел Латушка і Святлана Ціханоўская» хутка выпраўляюцца: «Святлана Ціханоўская і Павел Латушка лепш сказаць».
Цяпер, калі мне кажуць: «Вы дыпламат», я адказваю: «Не, прабачце, я ўжо палітык, таму мая пазіцыя будзе больш жорсткаю». Добры дыпламат абыходзіць вострыя куты, каб не нарадзіць праблемы, хлусіць, але ў інтарэсах радзімы, стварае станоўчы парадак дня. У дачыненні Беларусі ў нас сёння выключна крытычны парадак дня, а драматычнасць сітуацыі вымагае быць прамым і прынцыповым. Палітыка ў цэлым больш жорсткая і наўпроставая, у ёй больш хлусні. Хацелася б, каб у нашай палітыцы былі шчырасць і праўда. Беларускаму грамадству патрэбная менавіта праўда: мы так стаміліся ад хлусні, ад жаху, ад чорнага.
Апошні раз за кнігу спадар Павел браўся перад выбарамі: шукаў у «Каласах пад сярпом тваім» прытчу пра тое, як Бог надзяліў беларусаў найгоршым начальствам. «Прыйшоў час гэта памяняць, у нас будзе нармальнае начальства». Ён хоча паставіць сабе ўльтыматум: калі перамога не будзе дасягнутая ў 2021 годзе – адысці на другі план альбо ўвогуле сысці ўбок. А дасягнуць перамогі трэба, каб у тым ліку вярнуцца ў свой дом у Ждановічах, дасюль абліты фарбай, і паглядзець «Тутэйшых» у Купалаўскім тэатры, а не на відэа.
Я гатовы крытыкаваць сябе, але за што хваліць, калі мы не дасягнулі мэты? Усе мы верылі, што да канца 2020 года нам удасца пачаць новы этап развіцця Беларусі: не ўдалося. Дасягненнем я б назваў тое, што мы захоўваем магутны патэнцыял да таго, каб перамагчы, усе ў нас дасюль матываваныя змагацца, хоць і з'явілася больш злосці, бо дастала», – смяецца. «Мне шкада, што не хапае часу штосьці дадумаць і дапрацаваць, я перажываю, дзе знайсці ключ. Дзе ключ да гэтых дзвярэй, да гэтай перамогі. Мы спрабавалі адчыніць іх плячом адзін раз, другі, трэці – яны трашчаць, але трэба яшчэ ключ знайсці. Ну альбо наваліцца ўсёй грамадой і проста выбіць гэтыя дзверы.
Паводле разліку Паўла Латушкі, за гэты год мусіць быць развязанае пытанне перамогі. «Нават менш, чым за год». Наступны будзе прысвечаны таму, каб стабілізаваць сітуацыю і пачаць рост дабрабыту. А там ужо пачнуцца натуральныя палітычныя працэсы ды з'явіцца магчымасць заняцца прыватным жыццём і паехаць у «асабняк у Парыжы», прыпісаны яму прапагандаю.
У мяне няма адчування, што я жыву ў Варшаве. Я не заўважаю, дзе я і што навокал, настолькі моцная ў мяне канцэнтрацыя на Беларусі, усе думкі толькі пра гэта. Няма практычна ніводнай ночы, калі б я не сніў Беларусі, так што Варшава існуе ў якасці фону. За мяжою мы толькі фізічна. Нам усім хочацца заўтра прачнуцца… альбо нават не класціся спаць і ўжо сёння сказаць: «Усё, мы перамаглі». Я тады саджуся ў машыну і еду на мяжу. Я б вярнуўся да Купалаўскага і падняў там бел-чырвона-белы сцяг, хоць разумею, што, пакуль даеду, бел-чырвона-белыя сцягі ўжо будуць над тэатрам. Але будзе і мой. Разам з купалаўцамі пойдзем і падымем яго.

Мы пачыналі размову ў плашчах, а завяршаем, калі за акном падае снег. Звонку ўсё тыя ж рэпрэсіі, прыгнечанасць і крамы «Родны кут». Я выходжу з Zoom-канферэнцыі ды пазначаю ў Google-календары імпрэзу: «Тутэйшыя» ў Купалаўскім, верасень, адкрыццё сезону.
Текст: Ірэна Кацяловіч
Фота: Юлія Шаблоўская
Рэдактар: Аркадзь Несцярэнка
Текст: Ірэна Кацяловіч
Фота: Юлія Шаблоўская
Рэдактар: Аркадзь Несцярэнка
© 2021