Больш нікога роднага
Як руйнуюцца ўкраінскія масты і расейскія сем'і



Больш нікога роднага



Як руйнуюцца ўкраінскія масты і расейскія сем'і
Фатограф Васіль Шыман ездзіць па Усходняй Украіне і дакументуе разбураныя масты і дарогі як сімвал канчаткова разарваных сувязяў паміж Украінай і Расеяй. Наша калега Арына Бяссонава, якая нарадзілася і вырасла ў РФ, апісала для Belsat.PHOTODOC свае адчуванні ад гэтых кадраў.
Фатограф Васіль Шыман ездзіць па Усходняй Украіне і дакументуе разбураныя масты і дарогі як сімвал канчаткова разарваных сувязяў паміж Украінай і Расеяй. Наша калега Арына Бяссонава, якая нарадзілася і вырасла ў РФ, апісала для Belsat.PHOTODOC свае адчуванні ад гэтых кадраў.
«Мосты стали мне сегодня дороже, чем ты», — спявае ў слухаўках украінская спявачка Марыя Чайкоўская. Некалі ў Расеі пад гэты прыпеў я пакутавала ад любоўных драмаў. Цяпер, у эміграцыі, я крычу яго ад бяссілля. Таму што вайна разбурыла занадта шмат мастоў. Тыя, што ва Украіне, можна паправіць. А што наконт тых пераправаў, што некалі злучалі нас са сваякамі?
У першыя дні вайны я не ведала, як глядзець у вочы сваім сябрам з Украіны. Бо гэта войска маёй краіны забівае іхных знаёмых, разбурае іхныя хаты. Іхныя маці, бацькі, браты і сёстры хаваюцца ў метро і бамбасховішчах, пакуль іх абстрэльваюць людзі, якія маглі жыць са мной у адным двары.

Я была ўпэўненая, што гэта будзе заканчэннем сяброўства. Што ўсё абрынецца гэтак жа, як разбураюцца масты, у якія трапляюць расейскія бомбы.

Але сябры аказаліся міласэрнымі. Наша сяброўства вытрымала расейскія ўдары. Нечакана паваліліся зусім іншыя пераправы.
Пакуль мае сябры збіралі гуманітарную дапамогу для ўцекачоў з Украіны, мая сям'я ў Расеі глядзела тэлевізар. Мае самыя блізкія людзі не маглі паверыць, што гэта сапраўды вайна, што «нашы хлопчыкі» могуць забіваць нявінных людзей, знішчаць гарады, катаваць і гвалтаваць жанчын і мужчынаў, разбураць чужыя жыцці.

У той час шматлікія расейцы спрабавалі растлумачыць сем'ям, што адбываецца. Хтосьці змог. Але ў большасці гэта не выйшла. Бо вялікай і моцнай прапагандзе верыць неяк больш бяспечна, каб не траўмаваць тонкай забароненай у Расеі «душэўнай арганізацыі».
Так у першыя дні вайны абрыналіся цэлыя пралёты сямейных сувязяў. Я намагалася не думаць пра гэта, пачакаць. Бо павінен жа першы шок прайсці, а там ужо можна будзе паспрабаваць данесці хоць нешта.

Але ішлі дні. Жудасныя дні, практычна невыносныя. Сям'я тэмы вайны не ўздымала. Маўляў, не сварыцца ж праз гэта.

І пакуль я соднямі скрозь слёзы глядзела на кадры з людзьмі, якія паміраюць пад абстрэламі, слухала з першых вуснаў жахлівыя гісторыі пра катаванні, згвалтаванні, забойствы, – мае сваякі глядзелі тэлевізар. Глядзелі актыўна. Яны спрабавалі знайсці там хоць нейкае тлумачэнне вар'яцтву, якое адбываецца.
Карцінка, намаляваная прапагандыстамі, іх зачароўвала, бо маім сваякам распавядалі:
«Мы, расейцы, не зло. Мы не забіваем безабаронных людзей. Гэта яны рыхтавалі напад!»
Так жыць неяк прасцей. Немцы ў 1930—1940-х не хацелі ўсведамляць, што жывуць у нацысцкай Нямеччыне. Вось і расейцы ў 2022-м не пажадалі прызнаць, да чаго дайшла пуцінская Расея.

Так што сям'я актыўна гаварыла мне: «Гэта цябе амерыканская прапаганда прымушае думаць інакш. Не напалі б мы проста так на Украіну. Там не ўсё так адназначна».

У гэты дзень, 3 красавіка 2022 года, я цалкам адназначна стаяла ля закрытай труны, у якой ляжала мая сяброўка. Яна загінула ў Кіеве пад расейскім абстрэлам.
«Посмотри вокруг, они разлетаются птицами из рук и не возвращаются», – спявала ў той час Чайкоўская ў слухаўках. І я разумела, што масты спаленыя.

У гэты час разбураліся не толькі сацыяльныя і сямейныя сувязі, але і сувязі з уласнымі каранямі. Мноства расейцаў апынулася ў эміграцыі. «Шчаслівым» уладальнікам чырвоных пашпартоў прыйшлося пераасэнсаваць сябе, зразумець, як камунікаваць з вонкавым светам. Прасіць прабачэння, што мы гэтага не спынілі. Месяцамі пасыпаць галаву попелам.
Нялёгка прыйшлося і людзям, якіх выхоўвалі бацькі з Расеі і Украіны. Аднойчы мой блізкі сябар расплакаўся:
«Мая маці – з Расеі. Бацька — з Украіны. І цяпер мне даводзіцца забыцца пра другую палову сябе. Гэта балюча».
Такім людзям прыйшлося выкрасліць частку свайго жыцця. Развітацца з тым чалавекам, які любіць расейскую літаратуру і выпіць пад Меладзэ. Выкрасліць любоў да пецярбургскіх вуліцаў і цёплыя ўспаміны пра спатканні ў маскоўскім парку. Пакінуць сабе толькі палову сябе. Бо цяпер у Маскве людзі прызначаюць спатканні ў тым жа парку, а ў Кіеве снарады знішчаюць і паркі, і дамы, і лякарні.
Ішлі дні, тыдні і месяцы пустэчы. Украіна пачала паціху аднаўляць свае масты, разбураныя расейскімі войскамі. А масты паміж нязгоднымі расейцамі і тымі, хто верыць тэлевізару, заставаліся ў руінах.

Але ў верасні нешта змянілася. Пасля абвяшчэння мабілізацыі шмат якія расейцы пачалі разумець, што ўсё досыць адназначна. Некаторыя ўсвядомілі, што здарылася ў лютым 2022 года.

І пакуль ЗСУ вялі паспяховае контрнаступленне, пакуль украінцы пачалі спрабаваць аднаўляць свае гарады, зноўку адбудоўваліся і сувязі нязгодных расейцаў з іхнымі сем'ямі.
Да мяне таксама пачалі вяртацца некаторыя сваякі. У іхных прамовах побач з «мы» і «нашы хлопчыкі» ўсё часцей пачалі гучаць фразы «здзяйсняем генацыд», «забіваем мірных людзей», «зрабілі пекла на зямлі».

У Расеі небяспечна адкрыта казаць пра гэта. Але на кухні некаторыя дзеляцца сваімі сапраўднымі думкамі. І гэта абнадзейвае.
«Я найду рассвет самая первая и, знаешь, // По тебе скучать буду сильно!» — дапявае ў слухаўках Чайкоўская.

І я сумую да глыбіні душы. Гляджу на тое, як Украіна аднаўляе масты. І спадзяюся, што і мне ўдасца аднавіць усе пераправы да маіх сваякоў.
Арына Бяссонава


© 2023


Belsat.PHOTODOC – праект фотаслужбы «Белсату». У ім мы знаёмім чытачоў і гледачоў з працамі дакументальных фатографаў і фотарэпарцёраў, якія цікавяцца беларускай праблематыкай у краіне і за мяжой.

Свае гісторыі і праекты вы можаце даслаць на адрас:belsat.photodoc@gmail.com